Пра гэта паведамляе Reuters, адзначаючы, што ў цэнтры новага гораду, пакуль безыменнага і вядомага толькі як Новая адміністрацыйная сталіца, работнікі завяршаюць працу на «праспэкце міністэрстваў, які паўтарае архітэктуру фараонаўскіх храмаў і прымыкае да ўзвышанага ісламскага комплексу, двух будынкаў парлямэнту з купаламі і вялікага прэзыдэнцкага комплексу».
Новая адміністрацыйная сталіца — адзін з самых маштабных праектаў у Эгіпце. Яго асноўная мэта — разгрузіць Вялікі Каір, у якім пражывае больш за 20 мільёнаў чалавек. Чакаецца, што ў канчатковым выніку засяляць новы адміністрацыйны цэнтар дзяржавы будуць шэсьць мільёнаў чалавек.
Пабудова новай сталіцы Эгіпту пачалася ў 2015 годзе, а першы этап яе засяленьня першапачаткова прызначалі на 2020 год, але каранавірусная пандэмія замарудзіла працу.
Горад, адзначае Reuters, распрацаваны як высокатэхналягічная мадэль будучыні Эгіпту. Інфраструктура і бясьпека ў ім будуць кантралявацца сучаснымі электроннымі тэхналёгіямі, дахі будынкаў будуць пакрытыя сонечнымі батарэямі, плацяжы будуць безнаяўнымі, на аднаго жыхара будзе прыпадаць 15 квадратных мэтраў зялёных насаджэньняў.
У першым жылым мікрараёне, які плянуецца адкрыць у траўні, было прададзена каля 5000 з 20 000 адзінак жытла, паведамілі агенцтву афіцыйныя эгіпецкія крыніцы.
З 25 мільярдаў даляраў, выдаткаваных на першы этап пабудовы, каля 3 мільярдаў пайшло на ўрадавы раён.