Чакаецца, што правая партыя «Лікуд» Нэтаньягу набярэ найбольшую колькасць галасоў. Аднак ніводная партыя ніколі не атрымала абсалютнай большасьці ў 120-мандатным Кнэсэце.
На гэтых выбарах Нэтаньягу робіць стаўку на пасьпяховую вакцынацыю супраць COVID-19 і на аднаўленьне эканомікі. На гэты момант прышчэплена каля паловы ізраільцян, што робіць Ізраіль сусьветным лідэрам у галіне вакцынацыі.
71-гадовы Нэтаньягу таксама пасьпяхова наладжвае дыпляматычныя адносіны з манархіямі Пэрсыдзкай затокі, Суданам і Марока, паслабляючы рэгіянальную ізаляцыю Дзяржавы Ізраіль.
Аднак прэмʼер-міністар абвінавачваецца ў справе аб хабарніцтве і карупцыі, якія ён адмаўляе. Крытыкі Нэтаньягу сьцьвярджаюць, што яго мэта — прасунуць у парлямэнце законапраект, які спыніць суд над ім.
Найзначнейшым апанэнтам Нэтаньягу на выбарах лічыцца Яір Лапід з партыі «Еш Атыд».