Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​«У краіне добрага станавілася ўсё меней». Гісторыя кіроўцы, які стаў «галоўным апазыцыянэрам раёну» і атрымаў 2 гады «хатняй хіміі»


Міхаіл Каралёў
Міхаіл Каралёў

Неаднойчы асуджаны «за палітыку» 34-гадовы жыхар Слаўгарада Міхаіл Каралёў расказвае, як зьмяняліся ягоныя погляды на жыцьцё ў Беларусі пасьля вяртаньня з Расеі.

Днямі ў Слаўгарадзкім судзе Каралёва прызналі вінаватым у публічнай зьнявазе прадстаўніка ўлады падчас выкананьня службовых абавязкаў і пакаралі 2 гадамі «хатняй хіміі». Пра прысуд напісала нават мясцовая раёнка.

У разгар пратэстаў супраць вынікаў выбараў Каралёў рэзка выказаўся пра супрацоўніка Слаўгарадзкага РАУС. Сьледзтва вялося паўгода. Сваю віну падсудны прызнаў, а на працэсе заявіў, што нядобра сказаў пра міліцыянта са зла. Тым ня менш пакараньне лічыць палітычна матываваным.

«Да лепшага мы цяпер не ідзем, толькі да горшага»

Міхаіл Каралёў нарадзіўся ў Слаўгарадзе ў 1986 годзе, калі адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Слаўгарадчына тады трапіла ў зону радыяцыйнага забруджаньня. Шмат тутэйшых вёсак адсялілі. Падчас мэдычнага агляду ў малога выявілі белакроўе, урачы параілі бацькам дзеля сына зьехаць з родных мясьцін.

Да 2000 году сям’я Каралёвых жыла ў Пскоўскай вобласьці Расеі. Вярнуцца на радзіму, па словах Міхала, змусіла безграшоўе. Апошнія два гады, што бацька жыў на чужыне, яму не выплачвалі заробак, прыгадвае ён. У Беларусі ж заробленае аддавалі.

На агітацыйным пікеце ў Чэрыкаве. Міхаіл з жонкай Юліяй (справа) і Анжалікай Калатазішвілі, грамадзкай актывісткай са Слаўгараду
На агітацыйным пікеце ў Чэрыкаве. Міхаіл з жонкай Юліяй (справа) і Анжалікай Калатазішвілі, грамадзкай актывісткай са Слаўгараду

Міхаіл прызнаецца, што беларуская «стабільнасьць» таго часу яму падабалася — меў з чым параўноўваць. Пасьля зьяўленьня ўласнай сям’і стаўленьне да «заможнага» жыцьця на радзіме пачало мяняцца. Тады ж, кажа ён, пачалі фармавацца ягоныя палітычныя погляды, якія не супадалі з пазыцыяй рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

«У краіне добрага станавілася ўсё меней, — кажа Міхаіл. — Тое, што казаў кіраўнік дзяржавы, разыходзілася з рэальным жыцьцём. Нездарма ж людзі пачалі казаць, што хочуць жыць у той Беларусі, якую паказваць па тэлевізіі. Да лепшага мы цяпер не ідзем, толькі да горшага. Таму я падтрымліваю пратэставыя настроі».

«Ціск з усіх бакоў»

Міхаіл Каралёў заўважае, што на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году прагаласаваў супраць Лукашэнкі, аднак тады веры ў перамогу альтэрнатыўнага прэтэндэнта не было. На леташніх жа выбарах ён падтрымаў Святлану Ціханоўскую. Удзельнічаў у агітацыйных пікетах за яе ў Слаўгарадзе, езьдзіў і ў суседні Чэрыкаў.

«Я гатовы быў падтрымаць любую альтэрнатыву Лукашэнку. Дый большасьць з тых, каго ведаў, былі салідарныя са мною», — згадвае настроі перадвыбарчай кампаніі 2020 году Міхаіл Каралёў.

Актывіст лічыць, што на выбарчых пікетах ягоную актыўнасьць заўважылі міліцыянты, і так ён стаў «галоўным апазыцыянэрам раёну, дзейнасьць якога ўзялі пад пільны кантроль».

Адразу пасьля выбараў суразмоўца прапанаваў удзельнікам аднаго зь мясцовых чатаў абмеркаваць магчымасьць сабрацца ў цэнтры гораду, каб выказаць сваё стаўленьне да падзеяў у краіне. На сход тады ніхто не прыйшоў, бо вызначаную пляцоўку ачапілі міліцыянты. У ініцыятыве Каралёва апэратыўнікі ўгледзелі арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, пазьней суд аштрафаваў яго на 81 рубель.

Міхаіл Каралёў з 18 гадоў робіць кіроўцам
Міхаіл Каралёў з 18 гадоў робіць кіроўцам

Па словах Міхаіла, пратэставаць супраць вынікаў выбараў жыхары райцэнтру выходзілі пасьля 9 жніўня дзьве нядзелі запар. У ланцугу салідарнасьці стаялі дзясяткі людзей. Потым пачалі палохаць адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьцю.

Паводле зьвестак Каралёва, з двума ўдзельнікамі пратэстаў не падоўжылі працоўныя кантракты. Хто ў разгар пратэстаў не хаваў сваіх поглядаў, тыя цяпер сьцішыліся, баючыся рэпрэсіяў, кажа суразмоўца.

«Ідзе ціск з усіх бакоў, — кажа актывіст. — У мяне на бальконе вісеў сьцяг. Спачатку прэтэнзіяў не было, а потым міліцыянты пачалі аглядаць дамы і выглядзелі яго. Прасілі прыбраць, палохалі, таму давялося сьцяг згарнуць. Але мой балькон усё роўна застаецца пад увагаю».

2 гады «хатняй хіміі» і 200 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды міліцыянту

Па словах Міхаіла Каралёва, гісторыя, якая прывяла яго да пакараньня «хатняй хіміяй», пачалася 5 верасьня. Праглядаючы паперы з суду за несанкцыянаванае мерапрыемства, актывіст зьвярнуў увагу, што сьведкам ягонай нібыта супрацьпраўнай дзейнасьці быў міліцыянт, і ён «са зла» рэзка выказаўся пра яго ў публічным чаце.

На наступны дзень да Міхаіла наведаліся супрацоўнікі мясцовага РАУС і выставілі яму абвінавачаньне ў абразе калегі. Разьбіраліся са справаю паўгода. Матэрыялаў апэратыўнікі назьбіралі на 250 старонак. Правялі дзьве лінгвістычныя экспэртызы. Актывіст цьвердзіць, што адна пацьвердзіла ягоную віну, а высновы другой не былі адназначныя. Асудзілі яго 12 сакавіка.

Адразу пасьля войска, калі «беларуская стабільнасьць» яшчэ падабалася
Адразу пасьля войска, калі «беларуская стабільнасьць» яшчэ падабалася

«На судзе я не апраўдваўся, а прызнаў віну. Сказаў, што напісаў пра міліцыянта на эмоцыях», — кажа Міхаіл.

Пра ягонае пакараньне напісала нават мясцовая раёнка.

Каралёў дадае, што выплаціў супрацоўніку Слаўгарадзкага РАУС 200 рублёў у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды.

«Бацька просіць ня ўцягвацца ў палітыку, каб не пасадзілі»

2 гады «хатняй хіміі» Міхаіл лічыць пакараньнем цярпімым, хоць і прызнае, што яно палітычна матываванае. Актывіст кажа, што ў яго трое непаўналетніх дзяцей, і калі ён дома, то будзе зарабляць для сям’і, а не цягнуць зь яе, як было б, калі б апынуўся на звычайнай «хіміі». Жыхар райцэнтру задаволены, што пазьбег буйнога штрафу. У Слаўгарадзе ён робіць кіроўцам на адным зь мясцовых прадпрыемстваў.

Міхаіл кажа, што ў яго ня сплачаны зь леташняга лістапада яшчэ штраф 270 рублёў за перапост «экстрэмісцкага» відэа. Пад арыштам застаецца машына цесьця. Той спрабаваў дамагчыся яе вяртаньня, але яму нагадалі пра апазыцыянэра зяця і траіх ягоных малых дзяцей.

Міхаіл зь дзецьмі
Міхаіл зь дзецьмі

Паводле актывіста, ягоная жонка трымаецца нэўтральнай палітычнай пазыцыі, але пра сытуацыю ў краіне ведае. Бацька ж перажывае за яго і просіць ня ўцягвацца ў палітыку, каб не пасадзілі.

За бытавыя правіны і канфлікты зь міліцыяй сям’ю Каралёвых год таму паставілі на ўлік як сацыяльна небясьпечную для становішча дзяцей. Міхаіл сьцьвярджае, што трапіць у такую сытуацыю сям’і ў правінцыі няцяжка, а давесьці сацыяльным службам, што дзеці гадуюцца належным чынам, амаль нерэальна. Пытаньне аб зьняцьці з уліку мае разглядацца ў траўні.

«Заробак у 500–600 рублёў лічыцца ў Слаўгарадзе добрым»

Міхаіл Каралёў кажа, што многія ягоныя землякі ратуюць сем’і ад галечы, выпраўляючыся на заробкі ў Расею. Па ягоных словах, мяжа хоць і лічыцца закрытай, але «ёсьць праходы, празь якія можна прарвацца туды, але за тое трэба плаціць». Тыя ж, хто працуе на мясцовых прадпрыемствах, зарабляюць меней за 500 рублёў.

«Заробак у 500–600 рублёў лічыцца тут добрым, і на такую працу ня ўбіцца. Аднак за такія грошы трэба гарбець 6 дзён на тыдзень, — тлумачыць Міхаіл.

Адна зь цікавостак на слаўгарадзкім замчышчы. На шыльдзе — назвы гораду ў розныя часы
Адна зь цікавостак на слаўгарадзкім замчышчы. На шыльдзе — назвы гораду ў розныя часы

Паводле яго, людзі сталага веку, калі пачалася выбарчая кампанія, не зразумелі, што «іхнае жыцьцё ня зьменіцца да лепшага, пакуль застаецца пры ўладзе Лукашэнка». Сваю пазыцыю яны апраўдвалі тым, што ён ім плаціць пэнсію, і да довадаў маладзейшых не прыслухоўваліся. Цяпер жа, кажа ён, мясцовыя пэнсіянэры наракаюць, што прадукты падаражэлі, а надбаўка не пакрывае растрат. Прызнаваць, хто вінаваты, баяцца.

Міхаіл не зьбіраецца шукаць шчасьця за межамі Беларусі. Ён спадзяецца, што і на радзіме жыцьцё палепшае. Актывіст кажа, што для гэтага неабходна, каб улада па-людзку ставілася да праблемаў простага чалавека, а не зьневажала яго. На ягоную думку, людзі маюць патрэбу ў годных заробках, выбары працоўных месцаў ды зьмяншэньні колькасьці чыноўнікаў. Чакаць усяго гэтага пры цяперашнім рэжыме не выпадае.

Паводле суразмоўцы, Беларусь рухаецца да сытуацыі, у якой знаходзілася Расея ў 1990-я гады. Як там жылося, ён бачыў на ўласныя вочы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG