Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне арыштавалі трубаправод, які належаў беларускаму бізнэсоўцу Вараб’ю


Беларускі бізнэсовец Мікалай Варабей.
Беларускі бізнэсовец Мікалай Варабей.

Яго перадаюць «Укртранснафце».

Вышэйшы антыкарупцыйны суд Украіны арыштаваў частку прадуктаправоду «Самара — Заходні кірунак». Ім карысталася прадпрыемства «Прикарпатзахідтранс», кантрольны пакет акцый якога належыць беларускаму бізнэсоўцу Мікалаю Вараб’ю.

Як паведамілі ў прэсавым цэнтры Службы бясьпекі Ўкраіны, такое рашэньне суд ухваліў на падставе доказаў, сабраных супольна некалькімі праваахоўнымі і спэцыяльнымі структурамі, аб незаконным вывядзеньні абʼекта зь дзяржаўнай уласнасьці.
Сьледчыя СБУ і Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Ўкраіны выявілі, што супрацоўнікі ТАА «Прикарпатзахідтранс» на падставе заведама падробленых дакумэнтаў незаконна завалодалі дзяржаўнай маёмасьцю, кошт якой больш за 200 мільёнаў грыўняў.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў Украіны выконваюць рашэньне суду аб арышце нафтаправоду.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў Украіны выконваюць рашэньне суду аб арышце нафтаправоду.

Маёмасьць (уключаючы будынкі, збудаваньні і іншыя абʼекты, разьмешчаныя ва Ўкраіне, якія забясьпечваюць функцыянаваньне трубаправоду) перададуць Нацыянальнаму агенцтву па выяўленьні, пошуку і кіраваньні маёмасьцю, атрыманай у выніку карупцыі і іншых злачынстваў (ARMA).

А сам нафтаправод перадаецца пад кантроль дзяржаўнага акцыянэрнага таварыства «Укртранснафта» для прыняцьця захадаў па ягоным захаваньні.

«Дасудовае расьсьледаваньне працягваецца, прымаюцца меры па ўстанаўленьні злачынцаў і прыцягненьні іх да адказнасьці», — падкрэсьлілі ў прэсавым цэнтры СБУ.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў Украіны выконваюць рашэньне суду аб арышце нафтаправоду.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў Украіны выконваюць рашэньне суду аб арышце нафтаправоду.

У той жа час у судовым рашэньні няма пункту аб забароне ўласьнікам кампаніі, у прыватнасьці Мікалаю Вараб'ю, браць удзел у конкурсе, які абвяшчае АРМА пасьля прыняцьця арыштаваных актываў для вызначэньня асобы, якая часова будзе імі кіраваць. Паводле заканадаўства, рашэньне аб арышце нафтапрадуктаправоду і маёмасьці можа быць абскарджана ў апэляцыйным парадку цягам пяці дзён.

Што папярэднічала арышту

19 лютага Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны ўхваліла тэрміновыя захады для вяртаньня ў дзяржаўную ўласнасьць магістральнага трубаправоду, якім карысталася кампанія «Прикарпатзахідтранс». Адначасова з гэтым уведзеныя санкцыі ў дачыненьні да Віктара Медведчука, кума расейскага прэзыдэнта, лідэра фракцыі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“», і ягонай жонкі Аксаны Марчанкі.

Кампанія «Прикарпатзахідтранс» зарэгістраваная з 2011 году. Зь дзяржаўнай уласнасьці Ўкраіны яе вывелі ў 2015 годзе. Тады суд пастанавіў перадаць усе актывы ў кіраваньне расейскай «Транснефти». Неўзабаве пасьля таго судовага рашэньня расейская «Транснефть» прадала трубаправод швайцарскай International Trading Partners AG, якую зьвязваюць з атачэньнем Віктара Медведчука.

Пасьля продажу ў сакавіку 2019 году 51% акцый беларускаму бізнэсоўцу Мікалаю Вараб’ю шэраг дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны заявілі, што ініцыююць перагляд судовых рашэньняў аб вывядзеньні актываў кампаніі зь дзяржаўнай уласнасьці Ўкраіны.

Сёлета 11 лютага Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Ўкраіны выставіла падазрэньне былому намесьніку дырэктара Інстытуту азотнай прамысловасьці і прадуктаў арганічнага сынтэзу. На падставе ягонай экспэртызы суд адмовіўся прызнаць права ўласнасьці Ўкраіны ў частцы нафтаправоду «Самара — Заходні кірунак». У выніку кантроль над часткай трубаправоду перайшоў да ТАА «Прикарпатзахідтранс», якое зьвязана зь Медведчуком і беларускім бізнэсоўцам Мікалаем Вараб’ём.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG