Гомельскі абласны суд разгледзеў скаргу адваката Анастасіі Перавошчыкавай, якая пакарана арыштам на 105 сутак. Праваабаронцы прызналі яе палітычнай зьняволенай.
17 сакавіка суд разглядаў скаргу на рашэньне суду Навабеліцкага раёну ад 18 лютага. Жанчына палічыла пастанову аб арышце на 15 сутак незаконнай і нематываванай, бо ў час судовага разгляду не былі знойдзены доказы яе віны — удзелу ў несанкцыянаваным пікеце. Да справы далучылі здымкі. На іх былі два бел-чырвона-белыя сьцягі і людзі за імі.
Але на здымку не відаць ані твараў, ані фігур людзей. У пратаколе міліцыі і пастанове суду не абгрунтавалі віну Анастасіі: што яна зрабіла менавіта, у чым выражаўся яе ўдзел у пікеце. Жыхарка Гомлю прасіла адмяніць пастанову раённага суду.
Судзьдзя Васіль Бягун пакінуў пастанову суду бязь зьменаў, а скаргу не задаволіў.
Раней у камэнтары Свабодзе Алена Міціна, маці Анастасіі, такія жорсткія дзеяньні міліцыі і суду ў дачыненьні яе дачкі назвала «людажэрствам».
«Выйдзе на Дзень Перамогі. Будзе „падарунак“ яе дзядулю, вэтэрану вайны, які чакае ўнучку з турмы і казаў, што тое, што адбываецца цяпер, — фашызм», — дадала маці.
Яна расказвала Свабодзе, як міліцыянт з Навабеліцкага РАУС заявіў, што «больш няма на каго вешаць, апроч яе, бо ў некаторых дзеці, а іншыя зьехалі за мяжу». «Так ён патлумачыў тое, што Насьцю чарговы раз пакаралі арыштам», — расказвала ў лютым Алена.
Анастасію судзяць, паводле маці, за нейкія здымкі зь бел-чырвона-белым сьцягам і праз паказаньні чалавека, які сьцьвярджае, што дзяўчына ўдзельнічала ў «партызанінгу».
19 сакавіка абласны суд будзе разглядаць яшчэ дзьве скаргі Анастасіі Перавошчыкавай на яе арышт.