«У ліку затрыманых махлярак і настаўніца грамадазнаўства і гісторыі, якая дадаткова зарабляла прадказаньнямі», — гаворыцца ў пасьце тэлеканала.
Галоўны спэцыяліст Цэнтру ісламскай мэдыцыны Адам Эльжуркаеў на камэру правёў з затрыманымі «прафіляктычную гутарку», заявіўшы, што вядзьмарства ў ісламе — гэта грэх.
У дзяржаўнай тэлевізіі Чачэніі рэгулярна «выкрываюць» вядзьмарак. У 2019 годзе паказалі тэлесюжэт пра дзьвюх затрыманых жанчын, якія нібыта займаліся чарадзействам. Эльжуркаеў тады заявіў, што «гэтыя вядзьмаркі небясьпечнейшыя за ўсякі тэрарызм, вахабізм, наркаманію». «Вядзьмарка» пакаялася на камэру: «Я была на няправільным шляху. Я бруднае стварэньне. Бруднейшай за мяне няма ніякай іншай істоты на гэтым сьвеце. Горшая за шайтана».
У лютым 2020 га ў эфіры тэлеканала «Грозны» выйшлі некалькі сюжэтаў аб затрыманьні людзей, якіх улады абвінавацілі ў занятку чарадзействам. Адзін з рэпартажаў апавядаў аб мясцовай жыхарцы, яе мужы і сяброўцы, якія аказвалі «акультныя паслугі». Прабачэньні затрыманых суправаджаліся пакаяньнем іхных сыноў у тым, што не дапільнавалі за бацькамі.
Жыхароў Чачэніі рэгулярна прымушаюць прасіць прабачэньня за сказаныя словы або ролікі, камэнтары і іншыя дзеяньні, якія не падабаюцца ўладам рэспублікі.