Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна вырашыла адмовіцца ад пераходу на летні час


У прапрэзыдэнцкай фракцыі «Слуга народу» разьлічваюць, што Вярхоўная Рада Ўкраіны ўжо 19 сакавіка зможа разгледзець у другім чытаньні законапраект аб адмене пераходу на летні і зімовы час ва Ўкраіне, піша Інтэрфакс.

3 сакавіка Вярхоўная Рада падтрымала ў першым чытаньні законапраект «Аб вылічэньні часу ва Ўкраіне» (№ 4201), які прадугледжвае адмену пераходу на летні і зімовы час ва Украіне.

«Згодна з парадкам дня, мы будзем разглядаць законапраект № 4201 у другім чытаньні на пасяджэньні камітэту эканамічнага разьвіцьця ў сераду (17 сакавіка). Гэта значыць, што ўжо ў пятніцу (19 сакавіка) мы зможам разгледзець яго і ў сэсійнай залі парлямэнта», — сказала намесьніца старшыні парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях эканамічнага разьвіцьця Роксалана Підласа (фракцыя «Слуга народу»).

У заключных палажэньнях законапраекту адзначаецца, што ў выпадку прыняцьця ў цэлым ён уступіць у сілу праз 3 месяцы пасьля яго афіцыйнага апублікаваньня ў парлямэнцкай газэце «Голас Украіны». Між тым раней Підласа тлумачыла, што ў выпадку, калі Рада пасьпее прыняць законапраект у цэлым да 25 сакавіка 2021 году, то дэпутаты выключаць дадзеную норму з фінальнага тэксту дакумэнта і ён уступіць у сілу адразу ж пасьля апублікаваньня «Голасу Ўкраіны».

Тады ва Ўкраіне не спатрэбіцца пераводзіць гадзіньнікі на летні час 28 сакавіка.

Калі ж, як адзначала парлямэнтарый, узьнікнуць якія-небудзь цяжкасьці і Рада не пасьпее прагаласаваць за прыняцьце адпаведнага закону, то «мы яшчэ двойчы перавядзем гадзіны, але 25 кастрычніка — апошні раз».

«Асноўная ідэалёгія гэтага законапраекту — увесьці натуральны для Ўкраіны зімовы час +2, які адпавядае паясному часу, і адмовіцца ў далейшым ад пераводу гадзіньнікаў», — заявіў аўтар заканадаўчай ініцыятывы, першы віцэ-сьпікер Руслан Стэфанчук падчас разгляду законапраекту ў Вярхоўнай Радзе.

Ён адзначыў, што «сэзонны часовы скачок» прыводзіць да зьмены біялягічных рытмаў чалавека і нэгатыўным чынам адбіваецца на агульным стане чалавека.

Акрамя таго, дакумэнт прапануе замацаваць на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны без выключэньня адзіны кіеўскі час. Гэта, як лічыць ініцыятар законапраекту, забясьпечыць абарону тэрытарыяльнай цэласнасьці і ўмацаваньне нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны, «паколькі на часова акупаваных тэрыторыях краіны ўстаноўлены час дзяржавы-агрэсара — Расейскай Фэдэрацыі».

  • Натуральным геаграфічным часам лічыцца зімовы час.
  • 15 верасьня 2011 году ўрад Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Мясьніковіча прыняў пастанову аб спыненьні пераводу гадзіньнікаў у Беларусі і пакінуў краіну на летнім часе, які супадае з маскоўскім.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG