У ноч з суботы на нядзелю каля 80 краін часткова альбо цалкам пяройдуць на летні час, перавёўшы гадзіньнікі на гадзіну наперад. Гэта будзе адзін з апошніх пераводаў часу — Эўрапарлямэнт скасаваў абавязковы пераход ад 2021 году.
Дыскусіі наконт мэтазгоднасьці пераводу гадзіньнікаў, не аціхаюць: прыхільнікі пераводу сьцьвярджаюць, што падобная мера дазваляе рацыянальна выкарыстоўваць сьветлы час сутак і тым самым эканоміць энэргарэсурсы. Праціўнікі запэўніваюць, што перавод гадзіньнікаў ня толькі нічога не эканоміць, але наносіць шкоду здароўю чалавека, нэгатыўна адбіваючыся на біярытмах.
Ад 2021 году кожная з краін Эўразьвязу зможа самастойна вырашаць, ці працягваць двойчы на год пераводзіць гадзіньнікі, або застацца нязьменна на «летнім» або на «зімовым» часе.
Раней апытаньні засьведчылі, што больш за 80% грамадзян ЭЗ супраць зьмены часу двойчы на год, паведамляла брытанскае выданьне Guardian.
Прэзыдэнт Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер казаў нямецкаму тэлеканалу ZDF: «Мы правялі апытаньне, мільёны адгукнуліся і лічаць, што ў будучыні летні час павінен быць круглы год, і гэта тое, што адбудзецца».
Аднак, адмыслоўцы лічаць, што больш натуральны для чалавека і ягоных біярытмаў — зімовы час. Чаму ж людзі ў большасьці выказваюцца за тое, каб пакінуць летні час, які не спрыяе іхнаму камфорту?
Адмыслоўцы тлумачаць, што людзі, якія выказваюцца на карысьць летняга часу, аддаюць перавагу доўгім летнім вечарам, што робяць больш камфортным пэрыяд летняга адпачынку і ствараюць ілюзію яго падаўжэньня. Але пры гэтым ня ўлічваюць, якія страты панясе арганізм узімку.
— Я мяркую, што ўвядзеньне летняга часу было б нават горшым варыянтам, чым рэгулярныя пераводы гадзіньнікаў, — кажа Алена Сумава, загадчыца аддзяленьнем нэўрагарманальнага рэгуляваньня Інстытуту фізіялёгіі чэскай Акадэміі навук. — Лепш за ўсё было б захаваць зімовы час. Для арганізму вельмі важнае ранішняе сьвятло, паводле яго ўнутраны гадзіньнік карэлюецца з часам сутак. Сапраўды, калі мы ўвядзем пастаянны летні час, у нас будзе больш сьвятла летнімі вечарамі, але гэта будзе азначаць больш цемры раніцай у восеньскія і зімовыя дні. Бяз ранішняга сьвятла ў нас няма сыгналу, дзякуючы якому цела пачынае правільна працаваць і які ў ідэале мы павінны мець ужо ў момант прабуджэньня, альбо, прынамсі, як мага хутчэй пасьля яго.
Летні час, акрамя іншага, павялічвае сьветлавы дзень у разгар сельскагаспадарчага сэзону.
Краіны, якія вырашаць застацца на «летнім часе», апошні раз перавядуць гадзіньнікі ў апошнюю нядзелю сакавіка 2021 году. Краіны, якія вырашаць застацца на «зімовым часе», апошні раз перавядуць гадзіньнікі ў апошнюю нядзелю кастрычніка 2021 году.
Беларусь адмовілася ад пераводу стрэлак у 2011 годзе, застаўшыся ў летнім часе.