Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які час лепшы — летні ці зімовы? Тлумачалка


Рамонт гадзіньніка на вежы ратушы ў Празе ў 2018 годзе. Ілюстрацыйнае фота
Рамонт гадзіньніка на вежы ратушы ў Празе ў 2018 годзе. Ілюстрацыйнае фота

У ноч з суботы на нядзелю 26–27 кастрычніка 2019 больш чым 60 краінаў сьвету часткова альбо цалкам пяройдуць на зімовы час, перавёўшы гадзіньнікі на 1 гадзіну назад.

Што тычыцца краінаў Эўропы, гэта можа быць адзін з апошніх пераводаў гадзіньнікаў у такім масавым парадку — Эўрапарлямэнт скасаваў абавязковы пераход на летні час ад 2021 году. Ад 2021 году кожная з краін Эўразьвязу зможа самастойна вырашаць — працягваць двойчы на год пераводзіць гадзіньнікі ці застацца нязьменна на летнім або на зімовым часе.

Чаму людзі прыдумалі пераход на летні час? Чаму ня ўсе пераходзяць на яго? Тлумачым на пальцах:

Што такое летні час

Летні час (ангельскае: daylight saving time) — мясцовы час, ссунуты на 1 гадзіну наперад адносна часу, прынятага ў часавым поясе краіны (адносна так званага зонавага часу краіны).

У Эўропе пераход на летні час адбываецца ў апошнюю нядзелю сакавіка ў 2:00 пераводам стрэлак на 1 гадзіну наперад, а зваротны пераход адбываецца ў апошнюю нядзелю кастрычніка ў 3:00 пераводам стрэлак на 1 гадзіну назад.

«Правільным» часам у краіне, якая ўводзіць летні час, зьяўляецца зімовы час, які абавязвае 5 месяцаў (ад лістапада да сакавіка); цягам жа 7 месяцаў (ад красавіка да кастрычніка) абавязвае «ссунуты» час.

Часавыя зоны сьвету
Часавыя зоны сьвету

Што такое зімовы час

Пад гэтым паняцьцем у Эўропе цяпер разумеюць час, да якога краіна вяртаецца ў апошнюю нядзелю кастрычніка, калі раней, у апошнюю нядзелю сакавіка, яна перайшла на летні час.

Але паняцьце «зімовы час» у некаторых выпадках азначала таксама сытуацыю пераводу гадзіньніка краінай, якая раней не пераходзіла на летні час (такое, напрыклад, было ў Чэхаславаччыне ў студзені 1946-лютым 1947, калі краіна перавяла стрэлкі гадзіньніка 1 гадзіну назад адносна свайго зонавага часу).

Навошта пераходзяць на летні час

Прыхільнікі пераходу на летні час кажуць, што гэты захад дазваляе больш эканомна выкарыстоўваць пэрыяд году, калі на дварэ сьветла. Кажучы канкрэтна, актыўнасьць чалавека, лепш дапасаваная да працягласьці дзённага сьвятла, дазваляе ашчаджаць электраэнэргію.

Прыхільнікі пераходу на летні час таксама аргумэнтуюць, што актыўнасьць чалавека, лепш дапасаваная да працягласьці дзённага сьвятла, зьніжае колькасьць дарожна-транспартых здарэньняў і сьмерцяў у іх.

Апанэнты пераходу на летні час, выкарыстоўваючы розныя дасьледаваньні, неаднаразова ставілі пад сумнеў гэтыя два аргумэнты.

Найбольшую выгаду ад пераходу краіны на летні час, як здаецца, маюць гандлёвыя сеткі і вытворцы спартовых тавараў. Больш сонечнага сьвятла паміж канцом тыповага працоўнага дня і сном летам схіляе кліентаў рабіць закупы і ўдзельнічаць у спорце на адкрытым паветры.

Чаму ня варта пераходзіць на летні час

Апанэнты пераходу на летні час кажуць, што гэты захад адмоўна ўплывае на біярытм чалавека, забіраючы яму гадзіну сну вясною і дадаючы гадзіну сну восеньню.

Яны таксама зьвяртаюць увагу, што перавод гадзіньнікаў вясною і восеньню стварае праблемы ў чыгуначным транспарце (усе цягнікі спазьняюцца на гадзіну ў апошнюю нядзелю сакавіка і вымушаныя прастойваць гадзіну ў апошнюю нядзелю кастрычніка).

Зьмена часу таксама пагражае стварэньнем праблемаў у кампутэрных сыстэмах, у тым ліку ў банках, якія звычайна блякуюць доступ да сваіх паслугаў у дні пераводу гадзіньнікаў.

Чаму ня ўсе краіны пераходзяць на летні час

Розьніца паміж працягласьцю дзённага сьвятла зімою і летам зьмяншаецца, чым бліжэй мы падыходзім да экватара. Гэта адна з прычынаў, чаму большасьць краінаў у субтрапічнай паласе ніколі не пераходзіла на летні час. Глядзіце мапу:

Калі ўвялі летні час упершыню

Упершыню мясцовы летні час увялі ў канадзкім мястэчку Порт Артур у 1908 годзе. У дзяржаўным маштабе гэты захад першы раз скарысталі кайзэраўская Нямеччына і Аўстра-Вугоршчына падчас Першай сусьветнай вайны ў 1916 годзе, каб абмежаваць спальваньне вугалю.

А Беларусь?

Беларусь пераходзіла на летні час у 1981—2010 гг. У 2011 годзе яна адмовілася ад пераводу стрэлак гадзіньнікаў, застаўшыся ў летнім часе. То бок Беларусь, побач з такімі краінамі як Аргентына, Ісьляндыя, Малайзія, Турэччына, Туркмэністан і Ўзбэкістан, увяла «пастаянны летні час».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG