Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка не глядзеў фільм «Залатое дно», але назваў яго «калькай зь фільму пра Пуціна»

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Ён пракамэнтаваў інфармацыю, агучаную ў фільме, пра раскошу, у якой жыве.

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што фільм не глядзеў, але інфармацыя ў ім хлусьлівая, паколькі ён «ніколі сабе не дазволіць скрасьці нешта ў людзей, бо вырас не ў галечы, але ў беднасьці страшнай». Яму нібыта блёкамі далі аналіз стужкі, і Лукашэнка не знайшоў у ёй «нічога новага», паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Фільм Сьцяпана Пуцілы і паплечнікаў ён назваў «калькай зь фільму пра Пуціна», намякаючы на расьсьледаваньне каманды Аляксея Навальнага пра шыкоўны, але сакрэтны палацавы комплекс расейскага кіраўніка ў Геленджыку.

Таксама не спадабаліся Лукашэнку і падрабязнасьці асабістага жыцьця, паказаныя ў фільме.

«Палацы там, яшчэ нешта, і ў штаны залезьлі ў канцы. Слухайце, ну гэта ўвогуле ўжо непрыстойна. Прытым называюць канкрэтныя прозьвішчы, якія ня маюць ніякага дачыненьня, клянуся вам. Навошта?» — спытаў Лукашэнка.

Лукашэнка сказаў, што мае «недатыкальны запас» грошай для даплаты лекарам і тэрміновай куплі лекаў, чаго не прадугледжвае бюджэт. Дарагі гадзіньнік, які таксама фігураваў у фільме, Лукашэнка назваў «падарункам прэзыдэнта Казахстана Назарбаева».

Таксама ён перасьцярог беларусаў ад веры стваральнікам фільму, бо тыя «кідаюцца на чужую ўласнасьць».

«Вось так яны будуць кіраваць краінай. Яны вось гэтых нашых бізнэсмэнчыкаў, IT-шнічкаў і ІП-шнічкаў распрануць на працягу двух гадоў. Хутка. Добра б распранулі ды народу далі — у кішэню сабе пакладуць».

Фільм «Залатое дно», які выйшаў 8 сакавіка, за чатыры дні набраў больш за 4,7 млн праглядаў. Адзін зь яго стваральнікаў — Сьцяпан Пуціла — знаходзіцца ў «тэрарыстычным сьпісе», Генпракуратура Беларусі запатрабавала ад Польшчы выдачы Пуцілы. Сам ён анансаваў чарговыя расьсьледаваньні адносна Лукашэнкі і ягонага атачэньня.

Эўразьвяз заявіў, што праверыць на сапраўднасьць факты з фільму, дзе гаворыцца пра тое, што сродкі, адпушчаныя кіраўніцтвам ЭЗ улады Беларусі выкарыстоўвалі на іншыя мэты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG