Каманда блогера Сьцяпана Пуцілы, піша журналістка Расейскай службы Радыё Свабода Алена Рыкаўцава, вырашыла паўтарыць подзьвіг Аляксея Навальнага і зрабіць фільм пра тое, як жыруе прэзыдэнт Беларусі. Наколькі пераканаўчай атрымалася гэтая праца? Ці здольны аказаць нейкі дадатковы эфэкт на аўдыторыю фільм «Залатое дно»? У абмеркаваньні на расейскай Свабодзе бяруць удзел палітоляг Станіслаў Бышок, дэпутат Эўрапарлямэнту Раса Юкнявічэне, палітык Анатоль Лябедзька і вядучая Алена Рыкаўцава.
Алена Рыкаўцава: Кампанія блогера Сьцяпана Пуцілы вырашыла зрабіць прэзыдэнту Беларусі сьвяточны падарунак да 8 сакавіка. Я б сказала, што гэта быў падарунак ня столькі самому Аляксандру Лукашэнку, колькі жанчынам, якія згадваліся ў гэтым фільме, што мае назву «Залатое дно». Я б якраз хацела пачаць з рэзкай крытыкі гэтага фільму з нагоды 8 сакавіка. Таму што Аляксандру Лукашэнку прыпісаныя палюбоўніцы зусім канкрэтныя, там ёсьць вялікі жаночы кавалак, дзе канкрэтная журналістка, або піяршчыца, або хтосьці яшчэ, яна запісваецца яму аўтарамі фільму проста і непасрэдна ў ложак. Больш за тое, адзін зь яго знаёмых называецца сутэнэрам, зводнікам, які пастаўляе яму дзяўчат. І Больш за тое, частка гэтых дзяўчат прыпісваецца ужо ў якасьці падарунку Аляксандра Лукашэнкі іншым прэзыдэнтам, накшталт казаскага. Мне здалося, што гэтага ня трэба было рабіць.
Станіслаў Бышок: Я з вамі згодны, калі мы глядзім гэты фільм, трэба ня толькі жахацца або, наадварот, пачынаць зайздросьціць раскошы прэзыдэнта Лукашэнкі, але яшчэ зьвяртаць увагу на тыя агрэхі, якія былі ў гэтым фільме. Зразумела, мы робім агаворку, што гэта не прафэсійныя сьледчыя, то бок гэта не Аляксей Навальны і ня ФБК. Але, тым ня менш, усе-ткі ў фільме было шмат хэйт-сьпічаў, калі прамаўляліся словы накшталт «мутанты», «ябацькі», прабачце за выраз, калі Лукашэнка неаднаразова называўся «пляшывы дыктатар» і гэтак далей. Гэта, вядома, непрыгожа, гэта трошкі зьніжае агульную плянку. Таму што і так фактура, якая была паказана аб гэтых дачах, аб гэтых аўтамабілях і гэтак далей, яна ўжо цалкам сьведчыць сама за сябе. Навошта гэта пагаршаць, навошта зьніжаць агульны ўзровень апавяданьня, прычым зьніжаць такім чынам, што, па вялікім рахунку, тая крытыка з боку беларускага афіцыёзу ў адносінах да пратэстоўцаў, да апазыцыі, калі іх таксама называюць нядобрымі словамі, «пратэстуны» і гэтак далей, атрымліваецца, што тут адны другіх вартыя.
Алена Рыкаўцава: Мы ўжо адразу налічылі два агрэхі. Я лічу, што гэта вельмі нядобра — паказваць пальцам на гэтую міс Беларусь, казаць, што яна выйшла са спальні — гэта нядобра, няправільна, бяздоказна, дарэчы, зусім. Бываюць у людзей адносіны, можа быць, пра гэта можна сказаць, тым больш ён прэзыдэнт, але тут нічога ня сьведчыць пра тое, што яны такія, як іх паказваюць у фільме. І другое, гэта тое, што вы сказалі — лексыка вульгарная, грубая. Мы паставілі два мінусы. Цяпер мы будзем казаць ужо пра сур’ёзныя рэчы, пра сур’ёзныя пытаньні, якія ставіць гэты фільм.
Цалкам тэкст абмеркаваньня чытайце тут.