Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм «Залатое дно» — спроба разбурыць ідэйны падмурак, на якім грунтуецца дзяржава Лукашэнкі


У Палацы незалежнасьці, які зьяўляецца рэзыдэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі.
У Палацы незалежнасьці, які зьяўляецца рэзыдэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі.

Фільм каманды Сьцяпана Пуцілы пра карупцыю выклікаў вялікі розгалас. І актуалізаваў гэтую тэму для беларускага грамадзтва.

Сьцісла:

  • У Беларусі тэма карупцыі дасюль заставалася пераважна на пэрыфэрыі грамадзкай увагі. Найперш таму, што добра працавалі міты, якія актыўна распаўсюджваліся самім Лукашэнкам і афіцыйнымі мэдыя.
  • Існаваў міт пра беларускую сацыяльную мадэль, якая нібыта не спрыяла карупцыі.
  • Тая канцэпцыя дзяржавы, якую прапанаваў Лукашэнка, што ў краіне мусіць быць адзін гаспадар, не выклікала вялікага пярэчаньня грамадзтва.
  • Для беларускай сацыяльнай мадэлі карупцыя — гэта не хвароба, а натуральнае асяродзьдзе, сыстэмаўтваральны элемэнт рэжыму, безь якога ён ня зможа існаваць.

У Расеі на тэме карупцыі Аляксей Навальны зрабіў сабе палітычнае імя. У Беларусі ж гэтая праблема дасюль заставалася на пэрыфэрыі грамадзкай увагі. Выбух пратэстаў мінулым годам выклікала не карупцыя, а зусім іншыя чыньнікі. Ня тое, каб пра карупцыю не гаварыла апазыцыя, не пісалі незалежныя мэдыя. Увесь час гаварылі. Аднак гэта мала хвалявала большасьць беларусаў, не ўзрывала грамадзкую сьвядомасьць. Чаму?

Найперш таму, што добра працавалі міты, якія актыўна распаўсюджваліся самім Лукашэнкам і афіцыйнымі мэдыя. Вось міт пра беларускую сацыяльную мадэль, якая нібыта неспрыяльная для карупцыі. Што нібыта Лукашэнка пабудаваў дзяржаву без багатых. Маўляў, у Беларусі народны прэзыдэнт не дазволіў расьцягнуць народнае дабро, прадпрыемствы засталіся ў дзяржаўнай уласнасьці, іх не захапілі алігархі, як у Расеі і ва Ўкраіне. А менавіта з прыватызацыя ў грамадзкай сьвядомасьці зьвязана карупцыя. Да таго ж мясцовых алігархаў рэгулярна садзяць у турму, што абываталю падабалася.

Але самае галоўнае палягала ў тым, што тая канцэпцыя дзяржавы, якую прапанаваў Лукашэнка, не выклікала вялікага пярэчаньня грамадзтва. А яна грунтавалася на сярэднявечным, фэадальным уяўленьні аб уладзе. На мове шараговага абываталя гэта гучала так: у краіне мусіць быць адзін гаспадар, толькі тады будзе парадак.

У выніку рэалізацыі гэтай канцэпцыі Лукашэнка ператварыў дзяржаву ў сваё ўдзельнае княства, прыватную ўласнасьць, унітарнае прадпрыемства з адным заснавальнікам. У такой сыстэме для ўсеўладнага гаспадара ня можа быць у прынцыпе ніякіх абмежаваньняў, правілаў. Для яго розьніца паміж сваім і дзяржаўным зьнікае. І Лукашэнка шчыры, калі гаворыць, што ён жа ня краў у народу. Бо як можна красьці, калі ўсё вакол дзяржаўнае, а значыць — ягонае. Ён шчыра лічыць, што дарагія падарункі ў выглядзе «Майбаха», «Тэслы» ці верталёта — гэта ня хабар. Што можа карыстацца дзяржаўнай уласнасьцю, бюджэтнымі грашыма, як захоча.

Ва ўмовах адсутнасьці ўсякага кантролю з боку грамадзтва, дзяржаўных інстытутаў за дзейнасьцю прэзыдэнта, пагарды законам, закрытасьці і непразрыстасьці функцыянаваньня ўсіх органаў улады, карупцыя аб’ектыўна стала непазьбежнай спадарожніцай створанай у Беларусі сыстэмы кіраваньня, нават незалежна ад асабістых якасьцяў кіраўніка дзяржавы.

Калі ў краінах Захаду карупцыя зьяўляецца шкодным наростам, нейкай анамаліяй, якая замінае нармальнаму функцыянаваньню грамадзкага арганізма, то для беларускай сацыяльнай мадэлі карупцыя — гэта не хвароба, а натуральнае асяродзьдзе, сыстэмаўтваральны элемэнт рэжыму, безь якога ён ня зможа існаваць.

Фільм «Лукашэнка. Залатое дно» ня першая спроба разбурыць той ідэйны падмурак, на якім грунтуецца дзяржава па-лукашэнкаўску. Без разбурэньня гэтай міталёгіі ў масавай сьвядомасьці вялікага эфэкту ад стужкі ня будзе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

09.03.2021 г.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG