Фанаты ФК «Гомель», як і прыхільнікі абсалютнай бальшыні іншых камандаў, спынілі актыўную падтрымку яшчэ ў жніўні 2020 году. Нядаўна яны пацьвердзілі намер працягваць байкот матчаў да зьмены палітычнай сытуацыі ў краіне.
Кіраўніцтва гомельскай каманды не ўхваліла такога рашэньня, заклікаўшы ня зьмешваць з футболам палітыку.
«Заява фанатаў пра байкот матчаў не супадае з пазыцыяй кіраўніцтва, трэнэраў, спартоўцаў і абсалютнай большасьці сапраўдных заўзятараў», — напісала прэс-служба каманды.
Магчыма, кіраўніцтва выдала сваю думку за агульную пазыцыю ўсіх футбалістаў каманды. Пра гэта можа сьведчыць тое, што на сваіх старонках у інстаграме пяцёра гульцоў «зялёна-белых» закрэсьлілі словы «спартоўцы» і «трэнэры» ў заяве ад імя клюбу.
Падтрымку фанатам у байкоце выказалі Яўген Іваненка, Павал Чыкіда, Руслан Юдзянкоў, Арцём Васькоў і Павал Цесьлюкевіч, паведаміў сайт by.tribuna.com.
Многія футбольныя фанаты заявілі, што і сёлета ня вернуцца на трыбуны, пакуль пры ўладзе застаецца Лукашэнка, а сілавікі працягваюць зьдзекі з пратэстоўцаў. Толькі фанаты менскіх «Крумкачоў», чые гульцы пацярпелі ад гвалту, пацьвердзілі, што працягнуць хадзіць на стадыён. Пры гэтым яны салідарныя з тымі ж патрабаваньнямі да ўлады.
У адказ сілавікі апублікавалі статыстыку крымінальных спраў супраць актыўных заўзятараў. Дзясяткі фанатаў зазналі крымінальны перасьлед за ўдзел у пратэстах супраць палітычнага рэжыму.