Футбольныя фанаты з розных лігаў чэмпіянату Беларусі заявілі аб працягу байкоту матчаў у новым сэзоне з палітычных прычынаў.
Актыўныя заўзятары клюбаў «Дынама» (Берасьце), «Нёман» (Горадня), БАТЭ (Барысаў), «Слуцак» заявілі, што «да поўнай перамогі народу» фанацкія сэктары будуць адсутнічаць як на хатніх, так і на гасьцявых матчах.
Неўзабаве іх падтрымалі прыхільнікі сталічных «Менску» і «Тарпэда», жодзінскага «Тарпэда-БелАЗ», салігорскага «Шахцёра», «Віцебску», магілёўскага «Дняпра», «Маладэчна». Штодня гэты сьпіс папаўняецца.
Летась бальшыня арганізаваных фанатаў таксама абвясьцілі, што ня зьявяцца на трыбунах, пакуль у краіне будзе тварыцца беззаконьне.
Сваім меркаваньнем адносна салідарнага кроку на ўмовах ананімнасьці са Свабодай падзяліўся шматгадовы фанат барысаўскага БАТЭ. Па яго словах, сакрэтнасьць вымушаная: усе актыўныя заўзятары на ўліку ў сілавікоў.
«Шчыра кажучы, камэнтаваць асабліва няма чаго — усе сваю пазыцыю выразна выказалі, — кажа ён. — У краіне адбываецца, прабачце, п...ц несусьветны, на якія можна хадзіць сэктары? Стаяць побач з забойцамі, дэгенэратамі ў пагонах, якія не панесьлі пакараньня за свае злачынствы? Шмат хлопцаў з фанацкага руху рэальна пацярпелі — кагосьці проста забілі, як Мікіту Крыўцова, кагосьці пакалечылі, прынізілі. Дык што, заплюшчыць вочы, маўляў, нічога не адбываецца? Таму пазыцыя ўсіх ультрас больш-менш ідэнтычная».
Адзін з актыўных фанатаў Мікіта Крыўцоў, які заўзеў за футбольны клюб «Маладэчна», загінуў неўзабаве пасьля пачатку леташніх пратэстаў. Па факце ягонай гібелі праваахоўныя структуры не завялі крымінальнай справы, афіцыйная вэрсія — самагубства. Ні сябры, ні сям’я ў такую вэрсію ня вераць.
Заўзятары на сьмерць сябра адрэагавалі байкотам матчаў пад эгідай Беларускай фэдэрацыі футболу, кіраўніцтва якой усяляк апраўдвала гвалт сілавікоў. Бальшыня фанатаў перасталі вывешваць банэры і зьбірацца на выдзеленых сэктарах. Да канца сэзону актыўная падтрымка так і не аднавілася.
Фанаты замірыліся
Як кажа заўзятар БАТЭ, ці не ўпершыню ў гісторыі беларускіх ультрас настала бестэрміновае замірэньне — без аніякіх папярэдніх умоваў.
«Такая сытуацыя, што ня трэба нават дамаўляцца. Якія б ні былі ўнутраныя супярэчнасьці, ад першых дзён жнівеньскага пекла мы на адным баку барыкадаў. Банды могуць варагаваць, але тут, як кажуць, зусім іншае кіно. Калі запатрабавалася салідарнасьць, узаемадапамога, варажнеча адышла на другі плян. Так, за ўсе мае 20 гадоў у заўзятарскім руху такое ўпершыню: футбол адышоў у цень, галоўнае цяпер — трымацца разам. Берасьце выклала ў сеціва сваю пазыцыю раней за іншых, але, паверце, ва ўсіх ультрас яна аднолькавая. Разумныя людзі бачаць, што адбываецца і куды цяперашняя палітыка вядзе — у тупік».
Сілавікі і раней перасьледавалі футбольных фанатаў. Некаторых судзілі за масавыя беспарадкі ды па іншых артыкулах. Заўзятары лічаць ціск матываваным: абсалютная бальшыня трымаецца дэмакратычных поглядаў.
Што тычыцца камандаў, з асуджэньнем гвалту над мірнымі пратэстоўцамі заявілі менскія «Крумкачы», чые гульцы, словамі экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, «трапілі пад раздачу».
Таксама салідарнасьць з пацярпелымі і арыштаванымі выказвалі асобныя гульцы розных клюбаў — праз сацсеткі ці адпаведнымі жэстамі на полі.
Да кампаніі падтрымкі беларусаў далучыліся ультрас у шэрагу краінаў сьвету.