Больш за 800 музыкаў, мастакоў, актораў, выкладчыкаў, рэжысэраў, літаратараў і іншых дзеячоў і актывістаў — як з «афіцыйных», так і з «неафіцыйных» культурных колаў — падпісалі Адкрыты ліст з патрабаваньнямі перагледзець вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, спыніць гвалт, адмяніць «чорныя сьпісы» і не чыніць ціск на майстроў культуры, ня згодных з палітыкай беларускіх уладаў.
Сярод падпісантаў:
- народныя артысты Беларусі Зінаіда Бандарэнка і Зоя Белахвосьцік, заслужаныя артысты рэспублікі Валеры Дайнека, Анжаліка Агурбаш,
- рок-музыкі Ігар Варашкевіч, Сяргей Пукст, Сьвятлана Бень, Лявон Вольскі, Алесь Дзянісаў,
- пісьменьнікі Ўладзімер Арлоў, Віктар Марціновіч, Андрэй Хадановіч, Андрэй Горват,
- дырыжор ансамбля «Харошкі» Іван Ерамеевіч і хормайстар дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Шырмы Дзьмітры Хлявіч,
- тэлезоркі Ларыса Грыбалёва, Андрэй Макаёнак, Дзяніс Дудзінскі, Андрэй Бонд,
- пераможцы «Славянскага базару» розных гадоў Раман Волазьнеў, Аляксей Грос, Макс Лорэнс,
- рэжысэры Андрэй Кудзіненка, Андрэй Курэйчык,
- пераможцы дзіцячай «Эўравізіі» Ксенія Сітнік і Аляксей Жыгалковіч, нацыянальных адбораў да дарослага «Эўравізіі» Uzari, VAL ды іншыя.
Як адначаецца ў тэксьце Адкрытага ліста, «рэпрэсіі ахапілі ўсю краіну і дабраліся да сфэры культуры. Нас ня толькі звальняюць з працы, уносяць нашы імёны ў чорныя сьпісы, але наўпрост аказваюць ціск, запалохваюць, саджаюць у турмы. Мы лічым, што гэтая сытуацыя патрабуе неадкладнага законнага вырашэньня, інакш наступствы прававога дэфолту адкінуць нашу краіну назад у разьвіцьці і створаць глебу для самавольства і беззаконьня».
Падпісанты аднагалосна і салідарна патрабуюць:
- правесьці паўторныя выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі, а таксама зьняць з пасадаў дзейны склад ЦВК з прыцягненьнем да прадугледжанай заканадаўствам адказнасьці,
- спыніць запалохваньне і рэпрэсіі ў дачыненьні да работнікаў сфэры культуры з боку сілавых структур і іншых службовых асоб; ліквідаваць інстытут «чорных сьпісаў»,
- аднавіць на працоўным месцы ўсіх работнікаў культуры, якіх звольнілі за іх грамадзянскую пазыцыю,
- вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязьняў, а таксама ўсіх затрыманых падчас мірных акцый,
- спыніць супрацьпраўную дзейнасьць сілавікоў і правесьці праверкі законнасьці іх дзеяньняў; прыцягнуць да адказнасьці кіраўнікоў сілавых структур, адказных за гвалт, расправы і пагрозы, за ўмяшаньне ў прыватнае жыцьцё грамадзян,
- неадкладна пачаць адкрыты грамадзкі дыялёг улады з прадстаўнікамі народа на прадмет правядзеньня сумленных, празрыстых і справядлівых выбараў у Беларусі з наступнай перадачай прэзыдэнцкіх і ўладных паўнамоцтваў законна абранаму кіраўніку дзяржавы.
Поўны тэкст ліста з подпісамі тут.