Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве беларускі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі далучыліся да ўкраінскага маршу жанчын. ФОТА


Ва Ўкраіне марш жанчын ужо пяць гадоў ладзяць супольна фэміністычныя ды праваабарончыя арганізацыі. Штогод 8 сакавіка жанчыны выходзяць з патрабаваньнем да ўкраінскіх уладаў ратыфікаваць Стамбульскую канвэнцыю аб папярэджаньні і барацьбе з гвалтам супраць жанчын і хатнім гвалтам.

Ініцыятары правядзеньня акцыі перакананыя, што пандэмія каранавірусу яшчэ больш абвастрыла праблемы хатняга гвалту над жанчынамі і абароны іхных правоў. Апроч таго, 82% мэдычнага пэрсаналу, які дапамагае пацыентам з каранавірусам, таксама жанчыны.

Сёлета ўпершыню асобнай калёнай у маршы ўдзельнічалі беларускі, якія вымушаныя былі ўцякаць ва Ўкраіну ад гвалту і рэпрэсій сілавых структур Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама тыя, хто ўжо пэўны час жыве ва Ўкраіне.

З ініцыятывай далучыцца да маршу жанчын выступілі Free Belarus Centre, які быў створаны ва Ўкраіне для дапамогі беларусам-уцекачам, фэміністычная група Каардынацыйнай рады, а таксама ініцыятыва «Маршыруй, дзетка!», створаная ў 2018 годзе ў Беларусі ў адказ на адмову ўладаў ад распрацоўкі законапраекту аб папярэджаньні хатняга гвалту.

Арганізатары беларускай калёны нагадалі, што жаночы марш у Беларусі стаў першым шматлікім маршам, які перавёў пратэст у мірны накірунак.

«На працягу 26 гадоў кіраваньня рэжыму рыторыка дзяржавы была патрыярхальнай, паказваючы жанчыну, як зручны аб’ект у побыце, не абараняючы жанчын ад хатняга гвалту, забараняючы жанчынам працаваць там, дзе яны хочуць, прыніжаючы, абражаючы жанчын і зводзячы да „адзінай галоўнай ролі — маці, гаспадыні дома“. 2020 год паказаў, што жанчыны маюць правы і свабоды, што жанчыны зьяўляюцца палітычнымі субʼектамі, што жанчыны могуць наўпрост, адкрыта і публічна заяўляць пра свае правы», — перакананыя арганізатары.

У акцыі ўдзельнічалі больш як дзьве тысячы чалавек. Калёну ва ўзмоцненым рэжыме ахоўвалі супрацоўнікі паліцыі і Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны, каб пазьбегнуць канфліктаў з праціўнікамі фэміністычнага руху. У прыватнасьці, сваё абурэньне выказала арганізацыя «Традыцыі і парадак».

Даша, якая ў Беларусі працавала ў праваабарончай фэміністычнай арганізацыі ў Менску, зьехала ва Ўкраіну пасьля пачатку рэпрэсіяў супраць актывістаў пратэстаў і абвінавачаньнях у фінансаваньні пратэстаў.

Даша, праваабаронца
Даша, праваабаронца

«Мы за тое, каб падтрымліваць жаночы ўдзел у рэвалюцыях. Дзякуючы жанчынам, пратэст стаў мірным і пратрымаўся 7 месяцаў. І мы хочам агучыць гэта міжнароднай супольнасьці, каб яна падтрымала жанчын у рэвалюцыі», — кажа Даша.

Наста Базар, прадстаўніца фэмгрупы Каардынацыйнай рады дадала, што сваім удзелам яны хочуць прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці да жанчын-палітвязьняў. У часе маршу яны несьлі партрэты Марыі Калесьнікавай, Дарʼі Чульцовай, Алы Шарко і іншых.

Наста Базар, прадстаўніца фэмгрупы Каардынацыйнай рады
Наста Базар, прадстаўніца фэмгрупы Каардынацыйнай рады

«Мы тут з восені, і правялі два сваіх жаночых маршы. Цяпер мы вышлі, каб нагадаць пра жанчын-палітвязьняў, што ў рэвалюцыі жаночы твар, і што жанчыны адыграюць важную ролю ў рэвалюцыі ў Беларусі», — сказала Наста Базар.

Удзельнікі акцыі прайшлі маршам па цэнтры Кіева.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG