Спроба правозу беларускіх цыгарэт адбылася яшчэ ў ноч 2 сакавіка, але інфармацыю пра гэта літоўская мытня апублікавала толькі ў канцы тыдня. У Райгардас (Прывалку) прыехаў грамадзянін Беларусі, які дэкляраваў 22 тоны дошак. Аднак у мытнікаў выклікаў падазрэньні як сам груз, так і маршрут, піша Delfi.lt.
Драўніну традыцыйна выкарыстоўваюць для маскіроўкі цыгарэт, а дошкі транзытам празь Літву везьлі ў Эстонію. Гэта выклікала падазрэньні мытнікаў. Яны вырашылі праверыць груз рэнтгенам, і цягач з аховай адправілі ў Медзінінкай. Праверка пацьвердзіла падазрэньні. У ангары груз разабралі, усярэдзіне паўпрычэпа знайшлі схованкі з 320 000 пачкаў беларускіх цыгарэт трох марак на агульную суму ў 1,14 млн. эўра.
Груз і цягач затрымалі, а кіроўцу суд арыштаваў на месяц.
Яшчэ ў лістападзе літоўскі інфармацыйны партал delfi.lt апублікаваў спэцыяльнае расьсьледаваньне пра кантрабанду тытунёвых вырабаў зь Беларусі ў Літву. Зь яго вынікае, што гэтая кантрабандная дзейнасьць адбываецца не бязь ведама, а магчыма, і не без удзелу беларускіх уладаў.
Мытныя службы Ўкраіны, Польшчы і Расеі таксама часта паведамляюць пра спробы правезьці буйныя партыі цыгарэт празь межы іх краін зь Беларусьсю. Журналісты высьветлілі, што на беларускім баку на кантрабандзе цыгарэт у Расею зарабляюць вельмі буйныя бэнэфіцыяры, блізкія да рэжыму Лукашэнкі. Называецца, у прыватнасьці, прозьвішча бізнэсоўца Аляксея Алексіна, уладальніка кампаніі «Інтэр Тобакко».
У канцы лютага на польскай мяжы зь Беларусьсю затрымалі партыю нелегальных цыгарэт коштам у 7,5 млн даляраў.