Такую пазыцыю выказаў Рэспубліканскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў у лісьце на адрас Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі.
У паведамленьні гаворыцца, што міністэрства прапанавала бізнэс-саюзам аб'яднаць намаганьні ў барацьбе з выплатай заработнай платы ў канвэртах.
РСПП у адказе паведаміў, што ў сваёй дзейнасьці і ва ўзаемаадносінах зь сяброўскімі арганізацыямі заўсёды кіраваўся неабходнасьцю дакладнага выкананьня заканадаўства грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі.
Разам з тым бізнэс-саюз зазначыў, што «найперш неабходна разабрацца з прычынай зьявы, а не барацьбой зь ёй». На думку РСПП, «больш за палову выплат у каэртах грунтуецца на празьмернай падатковай нагрузцы ў вельмі складаных эканамічных умовах, асабліва пандэміі, палітычнага крызісу і недальнабачных і агрэсіўных заяў аб прыватным бізнэсе».
«Несумненна, прысутнічае некаторы субʼектыўны фактар у патэнцыйных парушальнікаў, якія ўхіляюцца з шэрагу асабістых прычын або асаблівасьцяў характару і выхаваньня, але неабходна прызнаць і наяўнасьць досыць сурʼёзных абʼектыўных прычын, якімі абумоўлены падобныя зьявы», — падкрэсьліваецца ў лісце.
Эксперты бізнес-саюзу заявілі, што ўзровень фіскальнай нагрузкі, на думку прадпрымальнікаў, перавышае 40% даданай вартасьці.
«Нават папярэдні аналіз поўнай фіскальнай нагрузкі, зроблены з адкрытых крыніц у Беларусі, відавочна ілюструе нявыгаднае становішча беларускіх субʼектаў гаспадараньня прыватнай формы ўласнасьці адносна як нашага асноўнага партнэра, Расейскай Фэдэрацыі, так і краін далёкага замежжа», — падкрэсьліваецца ў лісьце РСПП.
Выступаючы 11 лютага на Ўсебеларускім народным сходзе, Аляксандар Лукашэнка даручыў Камітэту дзяржкантролю і Міністэрству падаткаў і збораў узмацніць барацьбу з выплатай заробкаў у канвэртах.
«Папярэджваю другі раз пасьля выбараў. Мною аддадзена даручэньне Камітэту дзяржкантролю і падаткоўцам: як толькі, а гэта нескладана, як толькі зловім каго-небудзь, хто грошы раздае ў канвэртах — лічыце, што вы былі бізнэсоўцамі, не крыўдуйце на мяне», — сказаў тады Лукашэнка.