Ініцыятыва MovaMed заснавалі беларускія мэдыкі на дабрачыннай аснове для пашырэньня выкарыстаньня беларускай мовы ў мэдыцыне.
«Мы маем беларускую мэдыцынскую лексыку, аснову якой яшчэ ў 1919 годзе стварыў наш геній Язэп Драздовіч („Анатамічны і фізыялягічны слоўнік“). Шмат было зроблена ў 20-30-я і 90-я гады XX стагодзьдзя.
У Беларусі, дзе будуць выконвацца законы і чалавек будзе галоўнай каштоўнасьцю, беларускамоўны пацыент пры размове зь лекарам ня будзе вымушаны пераходзіць на расейскую мову. Размаўляць на роднай мове ў сваёй краіне — не пікет, а зусім натуральная зьява.
Беларусы зьмяніліся. Мы адчулі сябе нацыяй, якая мае гістарычныя традыцыі павагі да закону, талерантнасьці і спагады. Мы ня хочам зьяжджаць, мы хочам быць гаспадарамі сваёй зямлі. Хочам, каб нашы дзеці засталіся беларусамі.
Нашай мэтай ёсьць вывучэньне і аднаўленьне беларускай мэдыцынскай тэрміналёгіі, свабоднае валоданьне ёй у стасунках зь беларускамоўнымі пацыентамі і калегамі, пашырэньне ўжываньня беларускай мовы ў мэдыцынскай навуцы і дыскусіях», — напісала ініцыятыва ў сваім тэлеграм- канале.