Як паведамляе БелТА, кіраўнік сьледчага ведамства заявіў, што за «незаконнае правядзеньне масавых мерапрыемстваў, паклёп і абразы» прадугледжаная як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасьць.
«Што тычыцца жорсткіх супрацьпраўных дзеяньняў, у нас цэлы спэктар магчымасьцяў прыцягненьня да адказнасьці. Ад жніўня, з поствыбарнага пэрыяду, падразьдзяленьнямі камітэту заведзена 2407 крымінальных спраў экстрэмісцкай скіраванасьці. Сюды ўключана ўсё: ад нанясеньня на сьцены абразьлівых надпісаў да гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў».
Паводле старшыні Сьледчага камітэту, прыкладна 650 справаў перададзеныя пракурорам для накіраваньня ў суд. Блізу паўтысячы ўжо разгледжаныя, абвінавачаныя прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці. Колькі пакарана паводле адміністрацыйных артыкулаў, Іван Наскевіч не ўдакладніў.
Праваабаронцы паведамляюць: нягледзячы на некалькі тысяч заяваў у Сьледчы камітэт, больш як за паўгода ня ўзбуджана ніводнай справы ў адносінах да сілавікоў, якія білі і калечылі мірных пратэстоўцаў. Не заведзеныя таксама справы і аб гібелі пратэстоўцаў у Менску, Гомлі і Берасьці.