У сьпіс дадаліся асуджаныя па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу («Групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») за ўдзел у пасьлявыбарчых пратэстах:
- Вікторыя Кульша,
- Сяргей Міраеўскі,
- Рыгор Давыдаў,
- Аляксей Беразінскі,
- Уладзімер Рубашэўскі,
- Сяргей Салоха,
- Марэк Сірадзэ,
- Віталія Бандарэнка.
Праваабаронцы зазначаюць, што свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, а выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 году і праходзілі са шматлікімі парушэньнямі і фальсыфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.
Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадзкай бясьпецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спэцпадразьдзяленьнямі МУС зь непрапарцыйным прымяненьнем фізычнай сілы, спэцсродкаў і зброі.
Праваабаронцы ацэньваюць перасьлед Вікторыі Кульшы, Сяргея Міраеўскага, Рыгора Давыдава, Аляксея Беразінскага, Уладзімера Рубашэўскага, Сяргея Салохі, Марэка Сірадзэ, Віталіі Бандарэнкі як палітычна матываваны ў сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказваньня свайго меркаваньня, прызнаюць іх палітычнымі зьняволенымі і патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць іх, як і іншых палітычных зьняволеных.
Агульны лік палітвязьняў у Беларусі на 3 сакавіка складае 270.