Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выказаў нязгоду зь дзеяньнямі міліцыі». У Бабруйску судзяць за падпал пастарунку


Пратэставая актыўнасьць у Бабруйску, верасень 2020
Пратэставая актыўнасьць у Бабруйску, верасень 2020

У Бабруйску пачаўся суд над 42-гадовым мужчынам, якога абвінавачваюць у падпальваньні апорнага пункту № 4 на вуліцы Куйбышава летась у верасьні.

Яму прад’яўлена абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 339 (хуліганства) і ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 218 (замах на наўмыснае зьнішчэньне і пашкоджаньне маёмасьці).

Справу вядзе судзьдзя Натальля Агладкава, дзяржаўны абвінаваўца — Мікалай Цішкевіч.

Прадстаўнікоў УУС і Цэнтру вольнага часу і творчасьці (у будынку апошняга знаходзіцца апорны пункт) на пасяджэньні няма, паведамляе рэсурс mogilev.online.

Абвінавачаны жыве і прапісаны ў Бабруйску, жанаты, мае траіх дзяцей, адзін з якіх непаўналетні. Пракурор патлумачыў, у чым абвінавачваецца падсудны.

«Грамадзянін Э. ў стане алькагольнага ап’яненьня апоўначы 28 верасьня 2020 году з хуліганскіх памкненьняў разьбіў шыбу ўваходных дзьвярэй і з выкарыстаньнем палімернай ёмістасьці з бэнзінам і запальніцы здзейсьніў падпал памяшканьня плошчай 59,91 м2. У выніку агнём пашкодзіла ўнутранае адстройваньне сьценаў, столі і падлогі, дзьверы, электраабсталяваньне і маёмасьць УУС Бабруйскага гарвыканкаму на суму 124 рублі 48 капеек».

Дзяржаўны абвінаваўца пацікавіўся, чаму і калі ў мужчыны зьявілася думка зрабіць такі ўчынак.

«Мы стаялі са знаёмым у двары дома на Куйбышава, выпілі піва, — адказаў абвінавачаны. — Паглядзелі відэа на тэлефоне, дзе быў разгон дэманстрацыі — дзяўчынку цягнулі, жанчын разганялі. Пад уражаньнем і ўзьнікла такая думка. Я выказаў сваю нязгоду зь дзеяньнямі супрацоўнікаў міліцыі, якія так груба абыходзяцца зь людзьмі. Пайшоў на запраўку, купіў бэнзін і накіраваўся ў бок апорнага пункту».

Мужчына прызнаў сваю віну ў частцы падпалу і пашкоджаньня памяшканьня і маёмасьці апорнага пункту. Але катэгарычна ня згодны з сумай, у якую ацаніў шкоду Цэнтар вольнага часу і творчасьці — 4 644 рублі 14 капеек.

«На маю думку як будаўніка, там рамонту не праводзілася ўжо гадоў 20, — заявіў абвінавачаны. — Ня думаю, што за 10 хвілін магла быць нанесена такая шкода. Тут разьлічаны кошт капітальнага рамонту, а не рамонтна-аднаўленчыя работы».

Падчас сьледзтва ягонымі роднымі на рахунак цэнтру агулам пералічана 1 740 рублёў, што, на думку абвінавачанага, цалкам дастаткова для пагашэньня шкоды.

Першапачаткова ў падпале падазравалі пратэстоўцаў і нават журналістаў, якія асьвятлялі акцыі ў горадзе: у некаторых прайшлі ператрусы і канфіскавалі тэхніку.

Судзьдзя Натальля Агладкава абвясьціла перапынак у пасяджэньні да 5 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG