Тэлеанонсы цьвердзяць, што на групе адказнасьць за падпалы ў Горадзенскай вобласьці. Мяркуючы з усяго, справу расьсьледуюуь паводле артыкулу 289 — «Акт тэрарызму».
Сьпіс падазраваных пакуль невядомы, аднак «Нашай Ніве» стала вядомая асоба прынамсі аднаго падазраванага — гэта жыхар Горадні Аляксандар Красьніцкі.
Паводле выданьня, яго затрымалі ў пачатку лістапада нібыта за падпал дзьвярэй «пункту аховы правапарадку» ў абласным цэнтры. Тады Сьледчы камітэт кваліфікаваў дзеяньні паводле ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэксу «Злоснае хуліганства». Ня выключана, што затым справу перакваліфікавалі.
Аляксандру Красьніцкаму 41 год, ён у разводзе, мае 14-гадовага сына, расказала яго маці Рамуальда Аляксандраўна.
Зь яе словаў, гісторыя пачалася яшчэ ў 2018 годзе. Тады сын стаў ахвярай нападу, але «меў пры сабе нож і адбіваўся». Міліцэйскі нарад разагнаў бойку і затрымаў некалькіх удзельнікаў.
Аляксандра прызналі вінаватым і прысудзілі «хатнюю хімію». Згодна з умовамі забаронена піць алькаголь. Аднак неяк ён выпіў, і гэта было зафіксавана. Красьніцкі пабаяўся, што пасадзяць, і зьехаў у Расею.
Нядаўна, кажа жанчына, ён вярнуўся ў Горадню, быў злы на праваахоўнікаў, што яго асудзілі, і падпаліў апорны пункт. Пра ўдзел сына ў палітычных акцыях ёй нічога невядома: прынамсі на момант прэзыдэнцкіх выбараў яго ў краіне не было.