Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна забараніла беларускаму сьпеваку Дайнеку ўезд на сваю тэрыторыю, бо ён незаконна наведваў Крым


Валеры Дайнека.
Валеры Дайнека.

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны забараніла на тры гады ўезд на ўкраінскую тэрыторыю заслужанаму артысту Беларусі Валерыю Дайнеку.

Як паведаміла прэсавая служба Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, аб забароне яму паведамілі ў часе памежнага кантролю ў пункце пропуску аэрапорту «Барыспаль».

На відэазапісе, апублікаваным украінскімі памежнікамі, Валер Дайнэка прызнае, што летась наведваў Крым для ўдзелу ў песенным фэстывалі: «Я там быў сябрам журы і ўдзельнікам фэстывалю».

Памежніца патлумачыла беларускаму сьпеваку, што Крым можна наведваць, але толькі з тэрыторыі Ўкраіны, а не праз Расею.

«За парушэньне ўкраінскага заканадаўства памежнікі забаранілі грамадзяніну Беларусі ўезд на тэрыторыю Ўкраіны на 3 гады», — удакладніла Сьвятлана Бурда, прадстаўніца прэсавай службы памежнага паста «Кіеў».

Валер Дайнэка паведаміў Свабодзе, што яму ў пашпарт ня ставілі штамп аб забароне наведваньня Ўкраіны. «Паставілі толькі адзнакі аб перасячэньні мяжы і не далі ніводнага дакумэнту, у якім бы гаварылася аб забароне», — сказаў сьпявак.

Паводле яго, пасьля леташняга наведваньня Крыму праз аэрапорт у Сімфэропалі ён наведваў Украіну аднойчы летась і ўжо сёлета:

«10 дзён таму я прыляцеў у Запарожжа, быў у Дняпры ў сябра на сьвяткаваньні дня нараджэньня, потым паляцеў яшчэ да аднаго сябра ў Віньніцу. І ўсё было нармальна, а ўчора цягам гадзіны пратрымалі на посьце, злавілі „злачынца“ і паведамілі пра забарону».

Валеры Дайнэка ў 1977–1992 гадах працаваў салістам ансамбля «Песьняры», а цяпер — «Беларускіх песьняроў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG