Беларускі палітоляг Павал Вусаў лічыць, што Расея хоча атрымаць і выціснуць з Лукашэнкі ўсё, што ёй патрэбна, цягам гэтага году, і тлумачыць, чаму ўлады не спыняюць рэпрэсіі супраць беларускага народу.
Сьцісла:
- Легітымнасьць Лукашэнкі ў вачах сілавога блёку і намэнклятуры базуецца выключна на падтрымцы Расеі
- Каб цяпер пачалася нейкая «адліга», спачатку Лукашэнку неабходна цалкам зачысьціць палітычную прастору.
- Ва ўмовах нежаданьня зьмірыцца з боку беларускага народу спыненьне тэрору і рэпрэсіяў прывядзе да краху сыстэмы
- Адзіны рэсурс Лукашэнкі — гэта час і чаканьне нейкага «чорнага лебедзя» для Расеі і ўсяго сьвету
— Аляксандар Лукашэнка 2 сакавіка выдаў сваю вэрсію таго, як адбываліся лютаўскія перамовы з Уладзімерам Пуціным у Сочы. Выглядае, што гэтая сустрэча прайшла не зусім паводле сцэнару Лукашэнкі, выглядае, што Расея паставілася даволі холадна да просьбаў і пажаданьняў Менску...
— Расея мае свае стратэгічныя пляны наконт Беларусі, якія цяпер укладаюцца ў дзьве асноўныя канцэпцыі паглыбленай інтэграцыі — найперш у сфэры вайскова-палітычнай і падатковай. Тое, што агучыў Дзьмітры Мядзьведзеў, намесьнік старшыні Рады Бясьпекі Расеі.
Адно з галоўных патрабаваньняў — разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі расейскай вайсковай базы. Па факце гэта будзе азначаць паступовае абразаньне беларускай незалежнасьці ў стратэгічным і палітычным пляне. Расея хоча атрымаць і выціснуць з Лукашэнкі ўсё, што яна хоча, цягам гэтага году, максымум двух гадоў. А пасьля гэтага ягоная палітычная прысутнасьць будзе Маскве абсалютна не патрэбная.
Таму падчас паседжаньня ў Менску 2 красавіка Лукашэнка імкнуўся даказаць, што ні на якія стратэгічныя саступкі ён ня пойдзе. Праблема, аднак, у тым, што на сёньня ягоныя пазыцыі вельмі слабыя, перш за ўсё ў стасунках з Масквой і зь легітымнасьцю ўнутры краіны.
— Расея раней ужо ставіла рубам пытаньне пра вайсковую базу, у канцы 2019-га ставіла рубам пытаньне пра падпісаньне «дарожных мапаў». Кожны раз Менск неяк адбіваўся. Цяпер сытуацыя паўтараецца, але, як вы адзначылі, цяпер Лукашэнка ў значна слабейшым становішчы. Тым ня менш відавочна, што ён зьбіраецца неяк зноў выблытацца з гэтай сытуацыі. Якім чынам?
— Шчыра кажучы, мне цяжка ўявіць, якім чынам ён можа пазбавіцца моцнага ціску з боку Расеі. Бо ўся ягоная легітымнасьць у вачах сілавога блёку і намэнклятуры базуецца выключна на падтрымцы Расеі. Як толькі Расея зьменіць рыторыку, пачне падрываць гэтую легітымнасьць, падрываць апошнія падпоркі, — дні існаваньня Лукашэнкі будуць зьлічаныя. Ён залежны ад эканамічнай, ідэалягічнай і нават сілавой падтрымкі Расеі.
Поля для манэўру ў яго няма. Адзінае выйсьце — гэта палепшыць адносіны з Захадам. Але гэта можна зрабіць выключна праз спыненьне тэрору і рэпрэсіяў, вызваленьне палітычных вязьняў — а гэта для яго палітычнае самагубства.
Ён, вядома, можа спадзявацца на нейкія непрадбачаныя вонкавыя падзеі. Як, напрыклад, напрыканцы мінулага году, калі Масква прыціскала з ідэяй канстытуцыйнай рэформы — а тут адбылася вайна ў Нагорным Карабаху, і ўвага Расеі пераключылася туды. Бо на сёньня аб’ектыўных рэсурсаў процістаяць ціску Масквы ў Лукашэнкі няма.
— А чаму ён ня можа зноў вярнуцца да сваіх геапалітычных гульняў, спрабуючы наладзіць адносіны з Захадам? Як вы і сказалі, для гэтага трэба спыніць тэрор і рэпрэсіі. Чаму, як вы лічыце, гэта для Лукашэнкі немагчыма?
— Мы памятаем у гісторыі такія моманты, калі сытуацыя з Захадам паляпшалася ў выніку пэўных геапалітычных падзеяў. Гэта было пасьля нападу Расеі на Грузію ў 2008 годзе, гэта было і ў 2015 годзе, пасьля Крыму і Данбасу. Тады ў Беларусі былі вызваленыя палітвязьні і пачалася пэўная адліга ва ўнутрыпалітычным жыцьці.
Але ня трэба забываць, што тады Лукашэнку ўдавалася амаль цалкам зачышчаць унутрыпалітычную прастору, і таму ён мог дазволіць сабе пэўную «лібэралізацыю». Бо ў тыя гады рэжым не губляў шырокай палітычнай падтрымкі сярод насельніцтва, ягоная сацыяльная база вагалася каля 50 працэнтаў.
Каб цяпер пачалася нейкая «адліга», спачатку Лукашэнку неабходна цалкам зачысьціць палітычную прастору. У мінулым яму гэта ўдавалася зрабіць цягам 1-2 месяцаў, але цяпер мы бачым, што гэта немагчыма зрабіць нават за паўгода, нягледзячы на жудасны тэрор супраць народу. У такіх умовах любая «дэмакратызацыя» справакуе яшчэ большы ўздым пратэсту, супраціву, які фактычна зрыне сыстэму. Ва ўмовах моцнай унутранай мабілізацыі і нежаданьня зьмірыцца з боку беларускага народу спыненьне тэрору і рэпрэсіяў прывядзе да краху сыстэмы. Таму я ўпэўнены, што ў найбліжэйшы час гэтага не адбудзецца.
— Калі казаць пра ціск Расеі, то ці не паспрабуе Лукашэнка зноў разыгрываць унутры Беларусі тэму «пагрозы сувэрэнітэту»? Закліча ўвесь народ зьяднацца супраць «расейскай пагрозы»? Якія шанцы на гэта?
— Вельмі малыя. Ня ведаю, хто можа паддацца на гэтую рыторыку. Да таго ж мінімум, што трэба было б зрабіць дзеля ажыцьцяўленьня такой рыторыкі, — гэта выпусьціць Севярынца ды іншых прадстаўнікоў нацыянальна-дэмакратычных сілаў. Калі цяпер улады называюць бел-чырвона-белы сьцяг ледзь не фашысцкім, пра якую мабілізацыю нацыянальна-арыентаваных сілаў «дзеля абароны сувэрэнітэту» можна гаварыць?
— Дык што яму застаецца, як яму рэагаваць на ціск Масквы? Ці паступова аддаваць кавалкі сувэрэнітэту, вытаргоўваць грошы і час, ці стаць у жорсткую позу процістаяньня Расеі і ў тым ліку адмаўляць любы варыянт транзыту ўлады?
— Што ён можа рабіць і што ён будзе рабіць — гэта розныя пытаньні. Перш за ўсё, я ўпэўнены, што ніякага рэальнага транзыту ўлады ня будзе, пра што 2 сакавіка Лукашэнка і сказаў. Зьмены ў Канстытуцыю будуць толькі фармальныя.
Па-другое, што ён мог бы зрабіць. Спыніць гвалт, вызваліць палітзьняволеных, пачаць перамовы, забясьпечыць тым самым незалежнасьць і захаваньне краіны. Але гэта той рацыянальны для краіны падыход, які цалкам непрымальны для дыктатара, якія дзейнічае выключна ў лёгіцы захаваньня сваёй улады. Таму яму застаецца верыць, што рэпрэсіямі ўдалося стабілізаваць сытуацыю ў краіне — адсюль і зьявілася больш жорсткая рыторыка на адрас Масквы.
Аднак паўтаруся, што ўнутраных палітычных і эканамічных рэсурсаў процістаяць ціску Масквы ў яго няма. Адзіны рэсурс — гэта час і чаканьне нейкага «чорнага лебедзя» для Расеі і ўсяго сьвету, які раптоўна можа зьмяніць сытуацыю. Калі нічога такога ня здарыцца, то Лукашэнку давядзецца альбо па кавалках здаваць сувэрэнітэт, альбо ісьці ў адкрыты канфлікт з Масквой, што прывядзе да яшчэ большага паглыбленьня крызісу ў Беларусі.