Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пыталіся пра стасункі з NEXTА». Што вядома пра масавыя затрыманьні 2 сакавіка ў Менску


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Учора ў Менску затрымалі 24 чалавек, сярод якіх блогерку Вольгу Такарчук і старшыню Вольнага прафсаюзу студэнтаў БДУ Аляксандра Паршанкова.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, сярод затрыманых былі адміны мікрараённых і профільных тэлеграм-чатаў з Каменнай Горкі, вуліцы Матусевіча, Першамайскага раёну Менску.

Як затрымалі актывістаў Вольнага прафсаюзу БДУ

Старшыню Вольнага прафсаюзу БДУ Аляксандра Паршанкова і ягонага суседа па інтэрнаце, таксама сябра Вольнага прафсаюзу, Аляксандра Новіка затрымалі а 7 гадзіне раніцы.

«У пакой увайшлі чатыры чалавекі ў куртках, уключылі сьвятло, паказалі свае нейкія дакумэнты і сказалі зьбірацца, браць тэхніку. Я спытаўся, у якім статусе нас бяруць, яны адказалі, што статус высьвятляецца», — сказаў Аляксандар Паршанкоў.

Затрыманых прывезьлі ў офіс ГУБАЗіК МУС на вуліцы Рэвалюцыйнай, 3. Там правялі гутарку і папярэдзілі аб адказнасьці за ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасьці.

«Склалі пратакол, дзе я апісаў сваю дзейнасьць, што быў адміністратарам каналу нашага Вольнага прафсаюзу супрацоўнікаў БДУ, вольнага прафсаюзнага каналу, дарэчы, канал захапілі, выдалілі падпісчыкаў. Ня ведаю, наколькі гэта законна, бо гэта канал прафсаюзны».

Паршанкова потым адпусьцілі, а Новіка павінны судзіць сёньня ў Цэнтральным судзе Менску.

«Суседа, як яны сказалі, „закрылі“, там пыталіся пра нейкія стасункі з NEXTА, ці адпраўляў ён нейкія матэрыялы. Я сказаў, што пра гэта нічога ня ведаю і патлумачыць не магу. Размаўлялі ветліва, і нават на „вы“ зьвярталіся, у адрозьненьне ад супрацоўнікаў РУУС», — дадае Паршанкоў .

З прафсаюзнага тэлеграм-каналу, які быў узламаны, выдалілі падпісчыкаў, цяпер іх нашмат меней. Аляксандар Паршанкоў сказаў, што пакрысе іх будуць аднаўляць.

«Гэта наш прафсаюзны канал, прафсаюз працуе, гэта частка Свабоднага прафсаюзу Беларускага, аднаго з чатырох беларускіх незалежных прафсаюзаў. Я старшыня і ўсю гэтую сытуацыю добра ведаю».

Блогерку вінавацяць у «некарэктных выказваньнях пра судзьдзю»

Сярод затрыманых была і Вольга Такарчук, блогерка YouTube-каналу, які мае больш за 30 тысяч падпісчыкаў.

Яе затрымалі ў кватэры, сказаў Свабодзе бацька Вольгі.

«Нібыта супрацоўнікі міліцыі спрабавалі на яе раней выйсьці, але якім чынам, я ня ведаю, нібыта дасылалі позвы. Іх кідалі ў паштовую скрыню, але ў іх пад’езьдзе амаль усе паштовыя скрыні ўзламаныя. На рукі яна позву не атрымлівала, — кажа бацька Андрэй Такарчук. — Учора яна дзьверы не адчыняла, тады пачалі ламіцца. Суседзі патэлефанавалі зяцю, што нейкія людзі ў цывільным спрабуюць узламаць дзьверы. Потым яна патэлефанавала па нумары, які ёй пакінуў зяць, на яго ўжо выходзіў супрацоўнік крымінальнага вышуку. Пасьля гэтага яна адчыніла дзьверы».

Супрацоўнікі міліцыі павезьлі Вольгу ў пастарунак, забралі таксама з кватэры яе кампутар. Цяпер яна ў ІЧУ на Акрэсьціна.

Паводле Андрэя Такарчука, Вольгу вінавацяць па артыкуле 391 Крымінальнага кодэксу (зьнявага судзьдзі ці народнага засядацеля). У Першамайскім РУУС Менску сваякам інфармацыі не далі.

«Гэта тое, што Вольга пасьпела сказаць зяцю, калі яе затрымлівалі, — кажа бацька. — Мы паглядзелі яе блогі і не знайшлі, да чаго там яны прычапіліся. Нібыта недзе ў сваіх выступах ці камэнтарах сказала „галімы“ ці „гнілы“ суд, фактычна тое, што ўсе ў цяперашняй сытуацыі гавораць. Санкцыя па 391-м артыкуле да пазбаўленьня волі, але мы молімся і спадзяёмся, што за гэтыя словы, калі гэта праўда, ня будуць лічыць яе злосным экстрэмістам. Магчыма, яна нешта на эмоцыях сказала?»

Раней на блогерку складалі чатыры адміністрацыйныя пратаколы, зь іх тры — за стрымы з маршаў пратэсту ў мікрараёне Ўсход, дзе яна жыве. Чацьвёрты — за тое, што ў студзені яна зь дзецьмі пусьціла з балькона чырвоныя балёнікі. Вольгу затрымалі тады 25 студзеня, а 28-га — выпусьцілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG