У судзе Мазырскага раёну 3 сакавіка вынесьлі прысуд у крымінальнай справе палітзьняволенага Руслана Парфёнава. Яго вінавацілі паводле ч. 2 арт. 293 («Удзел у масавых беспарадках»).
Суд над палітзьняволеным праходзіў у закрытым рэжыме. Справу разглядаў судзьдзя Анатоль Стрэльчанка, паведамляе «Палеская Вясна». Пракурор прасіў для Руслана 6 гадоў пазбаўленьня волі, судзьдзя зьменшыў прапанаваны тэрмін на 1 год.
Сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай у Мазыры Руслана Парфёнава затрымалі 6 жніўня, а затым арыштавалі на 10 сутак. Пасьля адбыцьця пакараньня яго затрымалі зноў, ужо ў рамках крымінальнай справы. Перавялі ў менскі СІЗА-1. Праваабаронцы прызналі яго палітычным вязьнем.
На апошняе слова нікога не пусьцілі, адчыніўшы залю толькі перад абвяшчэньнем прысуду.
5 гадоў Парфёнаў будзе адбываць у калёніі ўзмоцненага рэжыму. Мэталічныя вырабы ў форме «вожыкаў» суд пастанавіў зьнішчыць.
На дзяржаўным тэлеканале АНТ раней паказалі сюжэт, у якім Руслана Парфёнава з Мазыра абвінавацілі ў вырабе «вожыкаў» для спыненьня транспарту. Пры гэтым у ролі Парфёнава паказалі іншага чалавека, не падобнага да Руслана, пішуць правааабаронцы.