За мітынг актывісты гатовыя заплаціць звыш 4 тысяч рублёў
Арганізатары чакаюць, што зьбярэцца да 900 чалавек. Будуць патрабаваць «палітычных правоў і свабод, вызваленьня палітзьняволеных, зьняцьця забароны і абмежаваньняў на выкарыстаньне бел-чырвона-белага сьцяга». Арганізатары гатовыя аплаціць паслугі міліцыі, мэдыкаў і камунальнікаў для забесьпячэньня парадку на сходзе. Сума складзе 4350 рублёў.
Паўгода таму стадыён, на якім плянуюць мітынгаваць актывісты, пачалі рэстаўраваць, і цяпер ён выглядае разбураным. Месьціцца спартовы аб’ект убаку ад людных гарадзкіх мясьцін, на вуліцы Чалюскінцаў (10–15 хвілін язды грамадзкім транспартам ад гарвыканкаму). Апошні раз з дазволу чыноўнікаў на бегавой дарожцы праваабаронцы ў 2019 годзе ладзілі пікет-манстрацыю. Гэта была першая дазволеная вулічная акцыя за 7 гадоў.
«Настроіліся рашуча і адмаўляцца ад мітынгу не зьбіраемся»
Старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў лічыць, што гарвыканкам абавязаны прапанаваць іншую пляцоўку для мітынгу. Ён вінаваціць чыноўнікаў, што тыя не парупіліся загадзя вызначыць альтэрнатыўнае месца для масавых сходаў грамадзян.
«Мы настроеныя рашуча і адмаўляцца ад мітынгу не зьбіраемся», — заяўляе актывіст.
Паводле Шанцава, сёлета мясцовыя апазыцыйныя арганізацыі вырашылі абысьціся без аргкамітэту да Дня Волі, каб не справакаваць новую хвалю рэпрэсіяў. Пляны ўзгадняюць праз асабістыя кантакты.
«Сумняваемся, што стадыёне можна праводзіць масавыя мерапрыемствы»
Што да стадыёна, то яго сталі рамантаваць у жніўні 2020 году і абяцалі пачаць трэніроўкі ўжо ў лістападзе. У сюжэце рэгіянальных навінаў тады адзначалася, што рэканструкцыя праводзіцца зь фінансавай падтрымкай УЭФА.
Пра пэрспэктывы функцыянаваньня стадыёна расказалі супрацоўнікі адміністрацыі футбольнага клюбу «Дняпро». У аддзеле спорту і турызму гарвыканкаму запэўнілі: у адміністрацыі клюбу ведаюць, што стадыён вызначаны як месца для масавых мерапрыемстваў, але засумняваліся, ці можна іх там праводзіць цяпер. Адсутнасьць работ на стадыёне патлумачылі тэхнічнымі праблемамі.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.