Інцыдэнт адбыўся ў школе № 12 Баранавічаў 30 лістапада 2020 году. 44-гадовы настаўнік фізкультуры Віталь Цьвірко падчас перапынку выцяў 14-гадовага дзевяціклясьніка Данііла Б. у пахвіну. З прычыны атрыманых траўмаў хлопцу спатрэбілася апэрацыя.
Па факце здарэньня завялі крымінальную справу паводле артыкулу 147 («Наўмыснае прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня»).
Нягледзячы на тое, што абвінавачаны ўпершыню прыцягваецца да крымінальнай адказнасьці, мае станоўчую характарыстыку, пракурор пацьвердзіла прымяненьня гвалту ў адносінах да вучня і запрасіла ў суду 2 гады і 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хатняя хімія»).
Прадстаўніца абароны рабіла акцэнт на «бездакорнай працы» настаўніка, яго шматлікіх узнагародах і граматах, атрыманых за сваю дзейнасьць. Яна таксама падкрэсьліла наяўнасьць у мужчыны траіх дзяцей (двое зь іх непаўналетнія) і поўнае раскаяньне падсуднага, а таксама яго добраахвотную выплату матэрыяльнай кампэнсацыі сям’і пацярпелага.
«Я прызнаю віну. Я прапрацаваў настаўнікам больш за 20 гадоў. Шкадую і раскайваюся ў зробленым злачынстве. Я кожны дзень пра гэта шкадаваў. І да сёньняшняга дня думаю пра яго здароўе. Прашу аб зьмякчэньні пакараньня, хачу папрасіць прабачэньня ў мамы Данііла», – сказаў падсудны ў апошнім слове.
Што здарылася ў школе
Абвінавачаны, бацька траіх дзяцей у разводзе, расказаў, што прыкладна а 12-й гадзіне пачуў пах дыму ў фізкультурнай залі. Пасьля чаго вырашыў зайсьці ў мужчынскую разьдзявальню.
«Адчыніўшы дзьверы, я ўбачыў, як Данііл Б. затаіў дыханьне і праз 10 сэкундаў пачаў выпускаць дым. Пазьней ён схаваў электронную цыгарэту ў руку. Я зрабіў яму заўвагу і сказаў, каб ён выйшаў з разьдзявальні. Я быў у стане афэкту (гэта мой найлепшы вучань клясы), таму ня вытрымаў і вырашыў пакараць яго. Хацеў лёгка ўдарыць па назе, але калена сасьлізнула і ўдарыў у вобласьць пахвіны», — расказаў абвінавачаны Віталь Цьвірко.
Паводле вэрсіі Данііла Б., ён раней не курыў і вырашыў паспрабаваць адзін раз, калі знайшоў электронную цыгарэту ў прыбіральні.
Па словах былога настаўніка, пасьля інцыдэнту вучань сеў на прыступкі і станоўча адказаў яму на пытаньне «Ці ўсё нармальна?» Фэльчарцы стан вучня Віталь Цьвірко патлумачыў як «дрэнны ад курэньня». Пазьней ён казаў, што хлопчык спатыкнуўся і ўпаў.
Падчас уроку пацярпелы вучань сядзеў на лаўцы, пазьней папрасіўся ў прыбіральню. Потым вярнуўся ў разьдзявальню і паехаў дадому.
Па словах маці пацярпелага Ірыны, з прычыны адсутнасьці сына ў школе ёй патэлефанаваў клясны кіраўнік. Пасьля бабуля вучня пачала высьвятляць абставіны здарэньня. Па словах маці, фэльчарка сказала ў тэлефон, што «хлопец знаходзіцца ў шалёным стане, абкураны».
Дзед хлопца, пачуўшы ад унука аб атрыманых ад настаўніка траўмах, адразу ж павёз яго ў траўмапункт, а потым на УГД да ўроляга. Там высьветлілася, што ў хлопчыка гематома і разрыў правага яечка. На наступны дзень Даніілу зрабілі апэрацыю.
Настаўнік прызнаў віну
У ходзе судовага паседжаньня Цьвірко падкрэсьліў, што прызнае сваю віну. Ён таксама неаднаразова прасіў прабачэньня ў пацярпелага пасьля выпіскі зь лякарні, выплаціў матэрыяльную кампэнсацыю за прычыненую шкоду.
Цьвірко дадаў, што пасьля інцыдэнту быў вымушаны звольніцца. Цяпер ён беспрацоўны.
У сям’і пацярпелага да настаўніка фізкультуры прэтэнзій на сёньняшні момант няма. Памер пакараньня яны вырашылі пакінуць на рашэньне суду.