Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад сьмерці «на бульбе» да ўдару аб парту. Чым заканчваліся скандалы ў адукацыі


Ілюстрацыйнае фота, Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота, Shutterstock

18 студзеня ў Чачэрску вучань шостай клясы атрымаў траўму галавы. Па словах бацькоў, яго ўдарыла аб парту настаўніца, пэдагог жа гэта абвяргае. Глядзім, якія былі скандалы ў адукацыі і чым яны заканчваліся.

Удар аб парту ці выпадковасьць?

18 студзеня ў раённую лякарню трапіў вучань 6-й клясы школы № 2 Чачэрску Арцём. У РУУС прыйшло паведамленьне са шпіталя, што хлопчык паступіў з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай. Паводле хлопчыка, настаўніца выцяла яго галавой аб парту.

Тэлерадыёкампанія «Гомель» апублікавала вэрсію настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Веры Кананковай, на ўроку якой і адбыўся інцыдэнт. Паводле яе, пэдагог толькі «павярнула галаву хлопчыка да сшытку, а той ударыўся сам».

Раней паведамлялася, што па гэтым факце прызначана судова-мэдычная экспэртыза, вядзецца праверка. Вынікаў праверкі няма. Вядома, што настаўніца працягвае весьці ўрокі, яна клясны кіраўнік пацярпелага хлопчыка. Якія яшчэ скандалы здараліся ў адукацыі?

2016 год. Сьмерць школьніцы «на бульбе»

29 верасьня 2016 году вучаніца 8-й клясы Маладачанскай школы № 11 Вікторыя Папчэня загінула падчас прыборкі бульбы — на яе наехаў грузавік, які рухаўся заднім ходам.

«На бульбу» вучняў 8-й клясы накіравалі ад школы, як высьветлілася на судзе, безь пісьмовага загаду.

За сьмерць школьніцы суд Маладачанскага раёну пакараў кіроўцу грузавіка Паўла Цыбіна — яму прысудзілі 3 гады пазбаўленьня волі. А таксама дзьвюх настаўніц, якія суправаджалі вучняў. Вольгу Завадзкую і Ірыну Апанасевіч прызналі вінаватымі ў неналежным выкананьні абавязкаў па гарантаваньні бясьпекі, жыцьця і здароўя дзяцей, што пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць.

Настаўніцы атрымалі 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня і штрафы ў памеры 100 базавых велічынь (2300 рублёў).

Па рашэньні суду школа выплаціла сям’і загінулай кампэнсацыю — 15 тысяч рублёў, таксама кампэнсацыю выплаціла гаспадарка, дзе прыбіралі бульбу — 35 тысяч рублёў. На судзе праваабаронцы і бацькі загінулай школьніцы патрабавалі пакараньня для чыноўнікаў мясцовага аддзелу адукацыі, якія праз школу накіравалі дзяцей прыбіраць бульбу, але іх не пакаралі.

2018 год. Скандал з загонам у БРСМ

Зьявілася відэа, якое змаглі зьняць вучні 31-й менскай гімназіі. На ім чуваць, як дзецям пагражаюць і прымушаюць уступіць у БРСМ.

Пазьней пра відэа выказалася Міністэрства адукацыі:

«Ніхто нікога нікуды не заганяе, мы ў шоку, што настаўніца выкарыстоўвае такія мэтады. Уступленьне ў грамадзкія арганізацыі — справа добраахвотная, дзеці павінны самі вызначыцца. Ніхто нікуды нікога не заганяе, БРСМ павінен сваімі справамі, сваімі ўчынкамі рабіць такое, каб дзеці туды імкнуліся», — сказала прэс-сакратарка міністэрства Людміла Высоцкая.

Высьветлілася, што голас на відэа належыць завучу школы Інэсе Ахрамовіч. Пасьля відэа яе выклікалі ў аддзел адукацыі, некалькі дзён яе не было на працы. Пасьля завуч вярнулася і, мяркуючы па інфармацыі на сайце гімназіі, працуе там і цяпер.

2019 год. Пагроза ўдарыць партай

13 верасьня 2019 году ў інтэрнэт трапіла відэа з 15-й школы Гомля, на ім бачна, што настаўніца замахваецца партай на вучня і абражае яго. У прыватнасьці, настаўніца кажа: «Я ў турму пайду, а табе *** [гамон] будзе».

Настаўніца на відэа — Людміла Чацьвярткова. Яна працавала ў школе 35 гадоў і неўзабаве мелася выйсьці на пэнсію. Звычайна яна выкладала ў 2 клясе, у 4 клясу ў дзень інцыдэнту трапіла на замену. Сьцьвярджаецца, што пасьля здарэньня яна напісала тлумачальную і прызнавала свае дзеяньні няправільнымі.

Сьпярша настаўніцу звольнілі, але за яе ўступіўся Лукашэнка, і пэдагога аднавілі на працы. А звольнілі пасьля гэтага дырэктарку школы і начальніка галоўнага ўпраўленьня адукацыі Гомельскага аблвыканкаму Сяргея Парошына. Міністра адукацыі Ігара Карпенку папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасьці, «строга папярэдзілі» прэм’ер-міністра, кіраўніцу Адміністрацыі прэзыдэнта і віцэ-прэм’ера, адказнага за адукацыю.

2020 год. Парванае вуха школьніцы

У студзені мінулага году стала вядома пра інцыдэнт у гімназіі № 71 Гомля. На ўроку матэматыкі настаўніца Тацяна П. так пацягнула за вуха вучаніцу 3 клясы, што дзяўчынка атрымала траўму вуха і шнар.

Праверка міліцыі прыйшла да высновы, што прыцягваць настаўніцу да адказнасьці ня будуць, але з гімназіі яе звольнілі. Дырэктарка гімназіі застаецца пры сваёй пасадзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG