Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія футбольныя заўзятары беларусам: «Змагайцеся — пераможаце». ФОТА


Заўзятары роўненскай каманды «Верес»
Заўзятары роўненскай каманды «Верес»

Футбольныя заўзятары Ўкраіны ад жніўня праводзяць акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю, прыходзячы на матчы сваіх улюбёных камандаў зь беларускай атрыбутыкай.

Найчасьцей гэта бел-чырвона-белы сьцяг або расьцяжка з надпісам «Жыве Беларусь!».

Сваю падтрымку і салідарнасьць зь беларусамі, якія ўжо амаль два месяцы выходзяць на мірныя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў, выказваюць заўзятары камандаў, якія ўваходзяць як у прэм’ер-лігу, так і першую лігу.

Футбольныя заўзятары праводзяць свае акцыі, нягледзячы на ўведзеныя абмежаваньні ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. Ва Ўкраіне мінулы футбольны сэзон быў скарочаны, а потым праходзіў без прысутнасьці гледачоў. Толькі ў верасьні Міністэрства здароўя Ўкраіны дазволіла частковую прысутнасьць гледачоў на міжнародных матчах, якія адбываюцца на ўкраінскай тэрыторыі.

16 жніўня заўзятары роўненскай каманды «Верес» (першая ліга) зрабілі вялікую расьцяжку з надпісам «Змагайцеся — пераможаце» (беларускі пераклад закліку «Борітеся — поборете!» з паэмы Тараса Шаўчэнкі «Каўказ»).

Фанаты футбольнага клюбу «Альянс» (першая ліга) з гораду Ліпавая Даліна Сумскай вобласьці на ўсе апошнія матчы сваёй каманды прыходзяць з плякатам «Жыве Беларусь».

Заўзятары каманды «Металіст Харків» (першая ліга) на матчы 5 верасьня зладзілі фаер-шоў у патрымку Беларусі зь бел-чырвона-белым сьцягамі і гербам «Пагоня».

Заўзятары каманды «Миколаїв» (першая ліга) на пачатку матчу выконваюць гімн Украіны, а на трыбуне павесілі бел-чырвона-белы сьцяг.

Ультрас кіеўскай каманды «Оболонь» (першая ліга) разам з сымболікай свайго фан-клюбу расьцягнулі плякат з надпісам «Жыве Беларусь!».

Заўзятары чарнігаўскага клюбу «Десна» (прэм’ер-ліга) 22 жніўня прыйшлі на матч сваёй каманды зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Ультрас клюбу «Шахтар» (прэм’ер-ліга) прынесьлі ў свой сэктар на матч сваёй каманды 20 верасьня бел-чырвона-белы сьцяг і плякат з надпісам «За нашу і вашу свабоду».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG