Затрыманых даставілі ў мясцовы РАУС, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Кампанія прыехала з Менску на адпачынак-вечарыну з нагоды заканчэння зімы. Паводле папярэдняй інфармацыі, іх затрымалі на катэджы паміж Маладэчна і Ракавам. 20 чалавек даставілі ў Маладзечанскі РАУС, дзе на іх склалі пратаколы па арт. 23.34 КаАП. Да суду іх утрымліваюць у мясцовым РАУС: перадачы і лекі не прымаюць. Паведамляецца, што сярод затрыманых:
- Буйніцкая Алеся
- Галкоўскі Аляксандр
- Глінская Віталія (забрала хуткая дапамога)
- Крышталь Аляксей Юр'евіч (1973)
- Лапшоў Руслан (1981)
- Ласкутова Натальля
- Ласкутоў Сяргей
- Рагожына Лілія Іванаўна (1962)
- Шмялёва Натальля Міхайлаўна (1975)
- Шымановіч Багдан (1973)
- Шымановіч Яўгенія Рычардаўна (1974)
Адну з затрыманых дзяўчын — Віталію Глінскую — забрала хуткая дапамога.
«Пры сабе ва ўдзельнікаў была БЧБ-сымболіка, а таксама постаць для спаленьня ў вопратцы каляровай гамы нацыянальнага сьцяга. Свае дзеяньні, якія дэманстравалі відавочную непавагу да грамадзтва, удзельнікі запісалі на камэры гаджэтаў», — паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» афіцыйны прадстаўнік УУС Менскага аблвыканкаму Аляксандра Папова ў нядзелю.
Для разбору затрыманыя (усе менчукі) былі дастаўлены ў Маладэчанскі РАУС. «Адносна іх складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Акрамя таго, іх дзеяньням, зафіксаваным на відэа, будзе дадзена крымінальна-прававая ацэнка», — заявіла Папова.
Гэта ўжо ня першае масавае затрыманьне пад горадам у лютым. 14 лютага міліцыянты ў лесе дагналі групу лыжнікаў з 19 чалавек. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі з выкарыстаньнем, як напісалі ў фармулёўцы, «адпаведных сьцягоў і расьцяжак». Усіх прысудзілі да штрафаў і сутак.
А 13 лютага таксама ў Менскай вобласьці, але пад Смалявічамі АМАП спыніў канцэрт гурта «Разьбітае сэрца пацана» на турыстычнай базе. Суды прызначылі шасьці дзясяткам удзельнікаў штрафы і суткі.