Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША ўхвалілі плян падтрымкі на амаль $2 трлн. Амэрыканцам раздадуць па $1400


Капітолій - будынак Кангрэсу ЗША
Капітолій - будынак Кангрэсу ЗША

Ніжняя палата Кангрэсу ЗША ўхваліла плян падтрымкі насельніцтва і эканомікі краіны, прапанаваны камандай новага прэзыдэнта Джо Байдэна. Ён абыдзецца ў амаль 2 трыльёны даляраў.

Сярод прапанаваных мераў — раздача большасьці амэрыканцаў па 1400 даляраў дапамогі, падвышэньне мінімальнага заробку ў два разы, да 15 даляраў у гадзіну, і дапамога бізнэсу.

За падтрымку пакета мераў прагаласавалі 219 кангрэсоўцаў, 212 былі супраць. Цяпер ухваліць прапанаваныя меры павінен Сэнат. Ён пароўну падзелены паміж дэмакратамі і рэспубліканцамі, але пры роўным ліку галасоў «за» і «супраць» вырашальны голас будзе належаць віцэ-прэзыдэнтцы Камале Гарыс.

Плян выратаваньня, прыняты ніжняй палатай Кангрэсу, прадугледжвае таксама павелічэньне закупак вакцынаў, адрасную падтрымку пацярпеламу бізнэсу, выплату дапамогі па беспрацоўі ў памеры 400 даляраў на тыдзень і на дзяцей — да 300 даляраў у месяц.

Крытыкі законапраекта асьцерагаюцца, што ўліваньне яшчэ амаль двух трыльёнаў даляраў у эканоміку можа перагрэць яе і падштурхнуць інфляцыю. Падвышэньне мінімальнага заробку можа таксама зьнізіць канкурэнтаздольнасьць бізнэсу, папярэджваюць яны. Прыхільнікі лічаць, што з нэгатыўнымі наступствамі закону, калі яны будуць, можна будзе змагацца пазьней.

ЗША значна пацярпелі ад пандэміі каранавірусу COVID-19. У краіне зарэгістраваныя 28.5 мільёнаў выпадкаў захворваньня, больш за паўмільёна чалавек памерлі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG