У судзе Савецкага раёну Менску вынесьлі прысуд у справе сталічных байкераў, якія вызвалілі свайго знаёмага зь міліцэйскага аўтамабіля. Мікіта Афанасьеў і Мікіта Трацьцякевіч атрымалі па 3 гады каленіі, Андрэй Іванюшын — 2,5 года.
Суд Заводзкага раёну Менску асудзіў 36-гадовага прадпрымальніка Аляксандра Аграйцовіча на 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову. Суд прызнаў яго вінаватым у публікацыі ў ютуб-канале «заведама ілжывых зьвестак пра чальцоў выбарчай камісіі, якія зьнеслаўляюць іх гонар і годнасьць».
Суд Кастрычніцкага раёну Менску асудзіў Дзяніса Заянчэўскага і Максіма Тацьцянка на 3 гады «хіміі» кожнага за інсталяцыю ў выглядзе пудзілаў з фота старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай, міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова і амапаўца ў балаклаве на фоне бел-чырвона-белага сьцяга.
Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў Яўгена Дзьмітрыева вінаватым у актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак, і даў яму два гады калёніі. 4 кастрычніка падчас нядзельнага маршу Яўген кінуў трубу ў вадамёт.
Штрафамі і арыштамі суды 26 лютага пакаралі групу жыхароў дому на вуліцы Нёманскай, 42, у Менску за спробу зьвярнуцца з калектыўным зваротам да дэпутаткі Ганны Старавойтавай.
26 лютага ў Нацыянальным алімпійскім камітэце ўпершыню за 24 гады зьмяніўся старшыня. Алімпійскі сход замест Аляксандра Лукашэнкі абраў ягонага сына Віктара Лукашэнку.