Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы займаемся дапамогай наўпрост». Як працуе ініцыятыва dissidentby


Ілюстрацыйнае фота. СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску

Як дапамагаюць сем’ям зьняволеных, якія апынуліся ў няпростай сытуацыі? На сайце dissidentby.com зьявіўся разьдзел з рэквізытамі картак жонак, маці, мужоў, сыноў вязьняў.

Ініцыятыва dissidentby дзеля дапамогі палітзьняволеным паўстала ў 2019 годзе. Вязьням яна дапамагае наўпрост празь перадачы, атаварку, афармленьне падпіскі на газэты і часопісы, пералічэньне сродкаў на асабістыя рахункі палітвязьняў і іх сем’яў. На гэты момант у сьпісах dissidentby — 385 палітзьняволеных, хоць паводле праваабарончага цэнтру «Вясна» на 25 лютага палітычнымі прызнаныя 251.

Марына Касінерава
Марына Касінерава

«Мы дапамагаем усім, незалежна ад таго, маюць яны статус палітвязьняў ці не. Мы настойваем, каб гэтыя людзі ў агульнай прасторы называліся і мелі статус палітвязьняў, мы таксама абапіраемся на міжнародныя крытэры, — кажа адна з заснавальнікаў ініцыятывы Марына Касінерава. — Згодна з ПАРЭ, чалавек мае права абараняць сябе і сваіх блізкіх і называцца пры гэтым палітзьняволеным. Тым больш цяпер, калі ў краіне татальны прававы дэфолт».

Ініцыятыва паведамляе праз сацыяльныя сеткі пра зьняволеных, пра тое, дзе яны і ў якім стане, ладзіць вечары салідарнасьці, заклікае пісаць лісты за краты.

Dissidentby імкнуцца працаваць нон-стоп.

«Як мінімум, людзям ідуць лісты ў разы больш, чым калі б пра іх не гаварылі. Мы займаемся дапамогай наўпрост. Таму пасылкі, перадачы, грошы на атаварку зьняволеным — гэта нашыя вынікі. У мэтах бясьпекі і з досьведу таго, што адбіралі грошы дапамогі, мы ня можам назваць прозьвішчы людзей, якім мы дапамагаем», — кажа Марына Касінерава.

Цягам усяго тэрміну ініцыятыва дапамагала антыфашысту Вадзіму Бойку, які выйшаў на волю ў красавіку 2020 году. Палітвязьня Міхаіла Жамчужнага падпісвала на газэты і часопісы, клала грошы на атаварку палітвязьню Сьвятаславу Барановічу, цяпер дапамагае палітвязьню Ільлю Валавіку.

«Мы заўсёды зьбіраем грошы, зь якіх усю дапамогу і аказваем. Нам вельмі далёка да вядомых фондаў, але пакрываем усё, што можам, дзесьці закладваем свае грошы, каб дапамагчы, бо не заўсёды хапае. Ёсьць людзі, якія носяць перадачы за свае грошы. Таксама мы практыкуем патранаж — калі людзі могуць узяць падапечнага і дасылаць раз на месяц яму пасылкі, — кажа Марына Касінерава. — Так мы спрабуем ахапіць усіх, каго не падтрымліваюць. Адной сям’і мы знайшлі вось такога патрона, людзей, якія дапамаглі з адзеньнем для дзяцей, а таксама з прадуктамі».

Паводле Марыны Касінеравай, Dissidentby — гэта ня толькі заснавальнікі, а вялікае кола людзей, якія дапамагаюць вязьням: шлюць пасылкі, носяць перадачы, гавораць пра зьняволеных. Дапамагчы вязьням і іх сем’ям праз ініцыятыву dissidentby можна, даслаўшы сродкі на яе рэквізыты.

«Мы вельмі ўдзячныя кожнаму, хто салідарны зь вязьнямі, і гатовыя дапамагчы кожнаму, хто зьвернецца да нас. Мы не імкнёмся стаць цэнтралізаваным фондам, для нас у прыярытэце гарызантальныя самаарганізаваныя ініцыятывы дапамогі, якія не залежаць ад нас, але якім мы гатовыя дапамагчы арганізаваць дапамогу эфэктыўна», — кажа Марына Касінерава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG