Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аграгарадок, «вёска будучыні». Як улады ратавалі вёску і што з гэтага атрымалася


Аграгарадок Гарбавічы, ілюстрацыйнае фота
Аграгарадок Гарбавічы, ілюстрацыйнае фота

Распрацаваны праект указу, які дазволіць набываць нежылыя дамы на вёсцы за 1 базавую. Гэта 29 рублёў. Прыгадваем, якія раней былі спробы ўратаваць вёску і чым яны скончыліся.

2003 год. Аграгарадкі

У 2003 годзе Аляксандар Лукашэнка даручыў распрацаваць праграму адраджэньня вёскі. Тады ў Беларусі ў вёсках жыла траціна насельніцтва.

Праект рабіўся, каб не дапусьціць выміраньня вёскі і стварыць там камфортныя ўмовы для жыцьця. Паводле праекту ў Беларусі плянавалася стварыць 1,5 тысячы аграгарадкоў. Гэта паселішча з цэнтральным водазабесьпячэньнем, асфальтаванымі дарогамі, транспартам да абласных і раённых цэнтраў, камфортнымі ўмовамі працы і пражываньня.

Праект не прывабіў жыхароў у вёску, і міграцыя зь вёскі ў горад працягнулася. Пра гэта кажуць лічбы. Паводле перапісу 2019 году, у вёсках Беларусі жыве 22,5% насельніцтва (на момант старту праекту — траціна).

Залесьсе, занядбаны аграгарадок, архіўнае фота
Залесьсе, занядбаны аграгарадок, архіўнае фота

Сельскае насельніцтва ў Беларусі імкліва скарачаецца. У 1999 годзе ў вёсках Беларусі жылі 3 мільёны чалавек, праз 20 гадоў — 2,1 мільёна. Такім чынам, за гэты час вёска страціла 970 тысяч жыхароў.

Можна было б падумаць, што сельскае насельніцтва скарачаецца гэтаксама, як і насельніцтва Беларусі ў цэлым. Але — не, жыхароў гарадоў за гэты час, наадварот, стала больш на 370 тысяч. Гэта міграцыя зь вёскі ў горад, бо натуральнае скарачэньне насельніцтва ў вёсцы і горадзе адрозьніваецца па лічбах ня моцна.

Па задуме, у аграгарадку павінны быць створаныя добрыя ўмовы працы, і плата за яе павінна быць добрая.

У аграгарадку Палыкавічы Магілёўскага раёну знаходзім некалькі вакансій. Жывёлаводу прапануюць 400 рублёў на месяц, трактарысту — 600, кіроўцу аўтамабіля — 500 рублёў.

2018 год. «Вёска будучыні»

У 2018 годзе Лукашэнка даручыў ураду распрацаваць праект «Вёска будучыні». Ён прадугледжваў, што ў такіх вёсках разам зь сельскім ладам жыцьця будзе разьвітая інфраструктура (роварныя дарожкі, хуткасны інтэрнэт, аб’екты для адпачынку).

Плянавалася, што такія вёскі зьявяцца ў некалькіх месцах і нават аграгарадках. Адно з такіх месцаў — паселішча Копысь Аршанскага раёну. Яшчэ ў 2018 годзе там правялі газаправод.

Віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы запэўніў, што «вёска будучыні» будзе выглядаць «прыблізна як Копысь». На фота: Копысь
Віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы запэўніў, што «вёска будучыні» будзе выглядаць «прыблізна як Копысь». На фота: Копысь

Цяпер у Копысі ёсьць аддзяленьне банку, «Эўраопт», аптэка, кавярня «Родны кут». Такія ж аб’екты можна сустрэць і ў іншых паселішчах, якія ня лічацца «вёскай будучыні». А вось роварных дарожак няма.

З вакансій у Копысі знаходзім тры, самы вялікі заробак — 500 рублёў.

«Вёска — добры варыянт, калі працуеш дыстанцыйна»

Прадстаўнікі ініцыятывы «Ўмовы для мовы» Аліна Нагорная і Ігар Случак перабраліся жыць ня ў «вёску будучыні» і нават не ў аграгарадок, а ў звычайную вёску Перасека Рагачоўскага раёну.

Ігар Случак і Аліна Нагорная, 2020 год
Ігар Случак і Аліна Нагорная, 2020 год

Вада, электрычнасьць, каналізацыя і нават інтэрнэт у вёсцы ёсьць. Праўда, прыйшлося дамагацца ад мясцовых уладаў, каб палепшылі дарогу.

«Там можна было жыць адразу, але мы зьнялі шпалеры, зрабілі невялікі рамонт, — кажа Аліна Нагорная. — Дом быў у добрым стане, цагляны, з плястыкавымі вокнамі. Адразу была электрычнасьць, вада. Вада, праўда, ня вельмі добрай якасьці, таму мы паставілі фільтры і хочам зрабіць сьвідравіну. Каналізацыя таксама ёсьць.

Мы зьвярталіся шмат да мясцовых чыноўнікаў, каб зрабілі лепшай дарогу, паставілі дарожныя знакі. Мы год пісалі, рабілі пэтыцыю і звароты, нам пасыпалі дарогу каменьнем, стала лепш, зрабілі пешаходны пераход».

Аліна кажа, што на вёсцы жыць добра, калі «маеш магчымасьць працаваць дыстанцыйна» ці «езьдзіць на машыне на працу».

Вёска ў Рагачоўскім раёне, архіўнае фота
Вёска ў Рагачоўскім раёне, архіўнае фота

«Моладзь уцякае зь вёскі, бо няма пэрспэктыў»

Валер Білібуха двойчы абіраўся дэпутатам у Першамайскі сельсавет Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Паводле яго, дамы па 29 рублёў моладзь у вёску не прывабяць, бо няма «ні нармальных заробкаў, ні пэрспэктыў».

«Моладзь уцякае зь вёскі, бо няма пэрспэктыў, заробак па 300 рублёў тут. Няма інфраструктуры, нічога няма. Працадаўцы хочуць даюць заробак, хочуць — не, а чалавек як у рабскім стане. Пакуль ня зьменіцца стаўленьне, ня будуць працаваць законы, гэта не памяняецца», — мяркуе Валер Білібуха.

Аграгарадок Аўсянка, архіўнае фота
Аграгарадок Аўсянка, архіўнае фота

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG