Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Назад у будучыню»: як у 1985 годзе бачылі Беларусь 2015-га


Беларусы, якія стаялі ля вытокаў нацыянальнага адраджэньня, распавялі Свабодзе, як уяўлялі сабе будучыню 30 год таму.

Раніцай 21 кастрычніка 2015 году Док Эмэт Браўн і Марці МакФлай прыляцелі на машыне часу з 1985 году. У 2015-м яны пабачылі лятучыя машыны і скейтборды, аналяг відэасувязі праз Skype і віртуальнай рэальнасьці з акулярамі Oculus Rift, боты, што самі завязваюць матузкі, і дакладны прагноз надвор’я. Пра гэта распавядае папулярны фільм «Назад у будучыню-2» — так будучыню бачылі ў 80-х у Галівудзе. А як бачылі беларусы будучыню Беларусі?

Вінцук Вячорка: Лятучыя машыны незалежную Беларусь не прынясуць

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

Сябра «Сьпеўнай майстроўні», адзін з заснавальнікаў «Талакі», а пазьней адзін з заснавальнікаў БНФ «Адраджэньне» Вінцук Вячорка кажа, што ўжо тады меў упэўненасьць: Беларусь неўзабаве стане незалежнай:

«Я не фантазіяваў ні пра якія лятучыя машыны. Бо прагрэс прагрэсам, а незалежная Беларусь і свабода — іх ніякія лятучыя машыны не прынясуць. Група „Незалежнасьць“, якая дзейнічала з 80-га году, мысьліла катэгорыямі глябальнымі. 56-ты год — Вугоршчына, 68-мы — Чэхаславаччына, 80-ты — Польшча... На 92-гі год плянавалі хвалю ў нас.

Калі быў яшчэ 1980 год, калі толькі заварвалася сытуацыя ў Польшчы, я яшчэ мысьліў стагодзьдзямі, думаў гэтую эстафэту змаганьня за некамуністычную, незалежную Беларусь перадаць унукам. Менавіта з такім пасланьнем мы з Алесем Бяляцкім пакінулі капсулу ў двары Мірскага замку, дзе праводзілі раскопкі. А ў 85-м годзе настрой быў ужо іншы: бачылі, як імкліва пашыраецца кола сьведамых людзей, эпоха „Майстроўні“, дастаткова кампактнай і лякальнай, зьмянялася эпохай „Талакі“ і падобных „Талок“, якія размнажаліся як грыбы па ўсёй Беларусі.

Мы не сумняваліся, што нашае ўжо блізка. Я б не сказаў, што ў 85-м годзе беларуская мова была такая ўжо непрыкметная. Яна жыла ў вёсцы і мястэчку, на ўскраінах гарадоў. Нашая дзейнасьць палягала, сярод іншага, на тым, каб вярнуць беларускай мове прысутнасьць і прэстыжнасьць на гарадзкіх вуліцах, у тралейбусах і крамах. І нам гэта ўдавалася! Я думаў, што дастаткова пакаленьня, каб вярнуць моўную сытуацыю да стану неўміручасьці беларускай мовы.

Найважнейшае, што адбылося за гэтыя гады, — гэта незалежная беларуская дзяржаўнасьць з усім яе сёньняшнім падвешаным станам. Калі б тады зьлётаў на машыне часу ў сёньняшні дзень, памеркаваў бы, што, магчыма, і маіх сяброў, і мой нейкі плён у гэтым ёсьць».

Уладзь Бараніч: Глядзелі ў будучыню празь сьлепату і паралюш

Уладзь Бараніч
Уладзь Бараніч

Іншы чалавек, які стаяў ля вытокаў «Талакі», Уладзь Бараніч згадвае, што спадзеваў на нешта грандыёзнае ня меў:

«Добра памятаю той час, якраз „Талаку“ стваралі, зь Сяржуком Вітушкам на „Інтэграле“ працавалі. Памкненьні былі ўзьнёслыя. Беларусь... Бачылі яе лепшай, але ў 85-м годзе ніхто ня мог падумаць пра незалежнасьць ці нешта такое. Быў пэсымістычны такі погляд: хаця б нацыі выжыць, мове выжыць. Нешта пачало вымалёўвацца да 90-га году, у 91-м гэта было відавочна, хоць у 85-м усё было даволі змрочна.

На нас у „Інтэграле“ глядзелі як на нейкіх фрыкаў. „Талака“ была хутчэй як нейкая сэкта, нашай рэлігіяй была Беларусь, мова. Памятаю, як аднойчы я горача даказваў, што беларушчына адродзіцца, а адзін рабочы стомлена так сказаў, што нічога не адновіцца, нязлосна так канстатаваў. Я тады падумаў, што вось жа цёмныя людзі бываюць, ня ведаюць нічога! Памкненьне было ўверх, у будучыню — як той Астроўскі празь сьлепату, праз паралюш бачыў сьветлую будучыню, гэтак і мы празь сьлепату і паралюш бачылі. Былі гатовыя ахвяраваць свае жыцьці за гэтага, але ня памятаю, каб дужа верылі ў перамогу.

Тое, што цяпер мы маем, гэта поўная параза. Я маю магчымасьць перамясьціцца ў часе ў сябе ў галаве. Памятаю вёску, як езьдзіў да бабулі, пакуль яна не памерла. У той вёсцы, на Барысаўшчыне, быў нядаўна, хаваў брата. Той вёскі ўжо няма, дачнікі замест вяскоўцаў. А тыя вяскоўцы, што былі ў 1985 годзе, — там была аўтэнтычная абсалютова беларуская мова, як з падручнікаў Тарашкевіча, вымаўленьне было цудоўнае. Яны памерлі, ім на зьмену прыйшлі русыфікаваныя, але ў іх яшчэ былі нейкія элемэнты беларускага, яны выпісвалі раёнку на беларускай мове, яна для іх была не чужая. А сучасная беларуская вёска нагадвае смаленскую, бранскую — нібыта беларусы па крыві, але расейцы па мэнтальнасьці».

Лявон Вольскі: Думалі, будзе космас, а ўсё пайшло ў інтэрнэт

Лявон Вольскі
Лявон Вольскі

У 1985 годзе Лявон Вольскі думаў ня столькі пра будучыню Беларусі, колькі пра сваю ўласную: музыка быў у войску і хацеў хутчэй скончыць службу. Але лідэр тагачаснай «Мроі» згадвае, што была вера ня толькі ў будучыню Беларусі, але і ў лятучыя машыны:

«Тады здавалася, што мы неўзабаве пераможам і будзем нармальнай эўрапейскай краінай. Навошта тады было пісаць беларускамоўныя песьні, калі ня верыць, што будзе свая мова, культура і краіна? Да перабудовы быў уціск усяго, уражаньне было, што каб нешта зьмяніць, трэба адсюль змотвацца нейкім чынам, зусім беспрасьветныя часы. А ўжо напрыканцы 80-х былі мітынгі магутныя, быў адрэналін. Існаваў самвыдат, капіявалі забароненую літаратуру. Я быў дастаткова юны, нічога такога пра „рупар пакаленьня“ не ўяўляў, рабіў тое, што хацелася рабіць: складаць тэксты, сьпяваць, граць музыку.

У фільме „Назад у будучыню“, дарэчы, паказана досыць рэальна, якімі былі мары таго пакаленьня. Так і ўяўлялася. І што, безумоўна, будуць нейкія калёніі касьмічныя. Тым больш — чыталася шмат фантастычнай літаратуры, там усё досыць падрабязна апісвалася. Здавалася, што прагрэс будзе неверагодны! Але прагрэс пайшоў ня ў тую галіну, што чакалася. Думалі, будзе космас, а ўсё пайшло ў інтэрнэт.

Ня толькі ў 85-м, а з самага раньняга юнацтва мне не падабалася, што вакол адбываецца ў гэтым Савецкім Саюзе, абсалютна хлусьлівае грамадзтва. Што казалі, што гэта імпэрыя зла, я заўсёды быў з гэтым згодны. Але, як ні дзіўна, тады быў пэўны маральны кодэкс, кодэкс будаўніка камунізму — а цяпер усё абсалютна зьнікла! Ня маем выразнай ідэалёгіі, якая б прыйшла на зьмену гэтаму марксізму-ленінізму няшчаснаму. Цяпер зьнікла камуністычная рэлігія, а на яе месца нічога не прыйшло. Для пэўных людзей вера заўсёды існавала, але для пэўных і цяпер не вярнулася — проста ходзяць у царкву на ўсякі выпадак. У дзяржавы ж няма ніякай ідэалёгіі — кажуць толькі, што зарплаты вунь вырастуць, дык гэта ідэалёгія грамадзтва спажываньня».

Алесь Мара: Калі б Караткевіч спытаў зараз: хлопцы, што ў вас тут, як...

Алесь Марачкін
Алесь Марачкін

Мастак Аляксей Марачкін (Алесь Мара) кажа, што нейкі пералом у галовах адбыўся яшчэ да 1985-га, а тады, у 85-м, ужо ставілі пытаньне пра канец Савецкага Саюзу:

«Тады мне было 45 год, быў на самым уздыме, і творчым, і фізычным. Было адчуваньне, што ўвесь гэты савецкі фальш павінен скончыцца. У 85-м мы былі поўныя надзеі, што нешта здарыцца, павінна адбыцца, бо так далей жыць немагчыма. Але пералом нейкі адбыўся раней — калі я вучыўся ў Беларускай акадэміі мастацтваў у 70-х, як ганялі студэнтаў, як КДБ сачыла, ужо ўлёткі нейкія закідвалі, ужо пратэстны рух быў, хоць быў і „з кукішам у кішэні“. Гэты год, 1985-ты — год да Чарнобыля, які паставіў усё на месцы. То была ня толькі экалягічная, але і духоўная катастрофа, зь яе ўсё сур’ёзна пачалося.

Памятаю, у сярэдзіне 80-х у адным месцы сабраліся Зянон Пазьняк, Яўген Кулік, я, Мікола Купава. І Пазьняк спытаў: мы тут сядзім, а раптам гэты молах, Савецкі Саюз, можа абрынуцца? Ніколі не забуду гэтага, як мы сядзім, думаем, што ўсё стабільна, усё нармальна... а яно так і здарылася. Думалася пра будучыню, думалася, каб адкрываліся беларускія садзікі, беларуская школа... У развал Савецкага Саюзу не асабліва верылася, але думалася... Былі мы гатовыя? Магчыма, былі, мо нават сваімі справамі рыхтавалі гэта. Ці атрымалася тое, што думалі? Нават у мастацкім асяродку ня ўсё — хацелі адмовіцца ад званьняў „заслужаны“, „народны“, а цяпер яшчэ стаяць у чарзе па гэтыя званьні. А наагул...

Калі б Караткевіч раптам выйшаў, як Хрыстос уваскрос, і запытаўся: хлопцы, ну што ў вас тут, як? Сказалі б, што ў нас незалежнасьць, ёсьць нават свой прэзыдэнт. Ён сказаў бы: дык што вы, гэта здорава! Але, ведаеце, ёсьць свой прэзыдэнт, прагрэс нейкі, а адчуваньне, што топчамся на месцы. Поўнае расчараваньне — тасуем адну і тую ж карту 20 гадоў, нібы ў нас не нарадзілася ніводнага чалавека, які б мог павесьці гэты карабель далей. Нават я не кажу — у іншым кірунку, а проста далей!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG