Пацярпелыя спэцназаўцы кажуць, што пагрозы ў іх бок ад Дзьмітрыева не было, матэрыяльных кампэнсацый не заяўляюць і не настойваюць на пакараньні, зьвязаным з пазбаўленьнем волі.
Пачаўся суд над 26-гадовым Яўгенам Дзьмітрыевым, які 4 кастрычніка кінуў мэталічную трубу ў вадамёт, калі спэцназ разганяў натоўп на праспэкце Машэрава з дапамогай моцнага струменю пафарбаванай вады.
Працэс вядзе судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Юлія Густын.
Дзяржабвінаваўца — памочнік пракурора Цэнтральнага раёну Арцём Цьвяткоў, які толькі 18 лютага прыняў прысягу.
Яўгена Дзьмітрыева затрымалі 4 кастрычніка ўвечары ўжо пасьля маршу — яго чакалі каля дома. На наступны дзень асудзілі на 15 сутак. Тэрмін адбыў, аднак на свабоду ня выйшаў — завялі крымінальную справу. Увесь час да суду Яўген знаходзіўся на «Валадарцы» і ў Жодзінскім СІЗА. Праваабаронцы прызналі Дзьмітрыева палітвязьнем.
«Я кінуў трубу ў заднюю частку вадамёта, каб ніхто не пацярпеў»
На судзе Дзьмітрыеў не прызнаў віны паводле артыкула 364 — сьцьвярджае, што не пагражаў гвалтам міліцыянтам. Па 342-м артыкуле («актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») Яўген віну прызнае.
Яўген расказаў, што 4 кастрычніка выйшаў на мітынг, «каб падтрымаць народ». Прачытаў у тэлеграм-канале Nexta, што будзе марш у падтрымку палітзьняволеных. На той момант не задумваўся, санкцыянаванае мерапрыемства ці не. Прыйшоў да стэлы, рухаліся па ходніках па праспэкце Машэрава. Сымболікі пры ім не было. Не адмаўляе, што выкрыкваў «Жыве Беларусь», пляскаў у далоні, стаяў у счэпцы.
«Я спачатку рушыў па ходніку, потым натоўп перасунуўся на праезную частку. Транспарт не хадзіў. Прыехаў вадамёт, які пачаў паліваць людзей вадой, каб разагнаць натоўп. Я ўбачыў на дарозе мэталічны прадмет, падняў яго і кінуў трубу на эмоцыях у заднюю частку вадамёта (не ў кабіну, каб не пашкодзіць людзей). Труба была даўжынёй прыкладна 50 сантымэтраў, даволі лёгкая. Дарэчы, потым трубу і сьмецьце прыбраў з праезнай часткі, паклаў на ходнік.
У мяне не было намеру нанесьці шкоду супрацоўнікам міліцыі, кінуў трубу менавіта ў заднюю частку вадамёта, каб ніхто не пацярпеў, таму віну паводле артыкула 364 не прызнаю», — заявіў Яўген.
Пацярпелыя спэцназаўцы: «Пагрозы супрацоўнікам унутраных спраў з боку Яўгена Дзьмітрыева не было»
У якасьці пацярпелых у суд выклікалі апэратара і кіроўцу вадамёта IVECO.
Прапаршчык вайсковай частцы 3214 Мікалай Глухатарэнка — камандзір 1-й групы тэхнічнага забесьпячэньня. 4 кастрычніка знаходзіўся на службе, было «ўзмацненьне». Вадамёт знаходзіўся на вуліцы Сапёраў.
«У той момант я выконваў абавязкі апэратара аўтамабіля для разгону масавых мерапрыемстваў, кіраваў устаноўкай на бартавым кампутары. У 15.00 паступіла каманда кіраўніцтва выехаць на паласу сустрэчнага руху на левы бок. Ланцужок АМАПу нас прапусьціў. У нас машына з чырвона-сінімі спэцсыгналамі і гукаўзмацняльнікам, я чытаў, што мітынг несанкцыянаваны, і патрабаваў разысьціся. Людзі не рэагавалі.
Спачатку запусьцілі папярэдні струмень уверх, а потым ужо пачалі паліваць людзей. У машыну людзі кідалі пляшкі з вадой, камяні, іншыя прадметы. Кабіна ў вадамёце браніраваная, браніраванае шкло з кратамі, сьпераду — клінападобны адвал. За здароўе сваё мы не апасаліся, бо аўтамабіль надзейна абаронены», — паказаў прапаршчык вайсковай часткі 3214.
Абвінавачанага Дзьмітрыева Глухатарэнка ня бачыў, і ягонага кідка таксама не заўважыў.
Дарэчы, менавіта ў гэтым вадамёце крыху пазьней у той жа дзень хтосьці павярнуў вэнтыль, з аўтамабіля ўверх забіў магутны фантан вады, і вадамёт мусіў зьехаць.
Пацярпелы Глухатарэнка паведаміў, што ўжо ўвечары заўважылі дробныя пашкоджаньні лякафарбавага пакрыцьця вадамёта, сур’ёзных умяцінаў не было.
Матэрыяльных патрабаваньняў да абвінавачанага баец спэцназу ня выставіў. Таксама ён не настойвае на пакараньні Дзьмітрыева пазбаўленьнем волі.
Другі пацярпелы, Яўген Лашкоўскі, служыць у вайсковай частцы 3214 кіроўцам, за ім замацаваныя БТР і вадамёт IVECO.
Ён таксама кажа, што пагрозы супрацоўнікам унутраных спраў з боку Яўгена Дзьмітрыева не было. Ён ня будзе выстаўляць матэрыяльны пазоў, не настойвае на пакараньні, зьвязаным з пазбаўленьнем волі.
Працяг судовага паседжаньня 24 лютага а 10-й гадзіне.