Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэфіцыт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва склаў 12 мільёнаў рублёў. Чым гэта пагражае?


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

На пачатак 2021 году запазычанасьць арганізацый і ІП у бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) склала 11,7 мільёна рублёў.

На 1 студзеня 2021 году не пасьпелі своечасова заплаціць унёскі 875 арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў. У сьпіс даўжнікоў трапілі ІП і арганізацыі з запазычанасьцю ад 100 рублёў, піша Tut.by са спасылкай на інфармацыю з сайту Фонду.

На 1 студзеня даўжнікоў найбольш было

  • у Менскай вобласьці — 240 арганізацый і ІП (зь іх у Менску — 168),
  • Віцебскай — 153,
  • Берасьцейскай — 140,
  • Магілёўскай — 98,
  • Гомельскай — 42,
  • Горадзенскай — каля 34.

Сярод даўжнікоў значацца ў тым ліку будаўнічыя кампаніі, ільнозаводы, рыбаводчыя гаспадаркі, сельгаспрадпрыемствы. Часьцей за ўсё гэтая праблема тычыцца работнікаў арганізацый, якія знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі (банкруцтва).

Чыноўнікам ня першы год не ўдаецца вырашыць праблему з унёскамі ў пэнсійныя фонды. Празь несвоечасовыя выплаты наймальнікаў у ФСАН у Беларусі на сёньня ўжо як мінімум 47 тысяч чалавек трапілі ў так званую «пэнсійную пастку» — яны страцілі частку працоўнага стажу з прычыны нявыплаты наймальнікам унёскаў у ФСАН, што ў выніку адаб’ецца на памеры пэнсіі або дапамогі.

«Нявыплата працадаўцамі ўнёскаў за асобныя пэрыяды работы прыводзіць да памяншэньня памераў пэнсій у сярэднім на 7 рублёў у месяц за кожны год „страчанага“ стажу, а ў асобных выпадках — да пазбаўленьня работнікаў права на працоўную пэнсію», — адзначалася ў абгрунтаваньні да законапраекту па ўнёсках у ФСАН.

У Мінпрацы прапаноўвалі вырашыць праблему ўвядзеньнем субсыдыярнай адказнасьці для кіраўнікоў (заснавальнiкаў) пры нявыплаце унёскаў у бюджэт фонду. Аднак ідэі раскрытыкавалі бізнэс-саюзы, у выніку ад гэтага магчымага новаўвядзеньня адмовіліся. Адна з прычынаў — гэтая мера можа «адмоўна паўплываць на інвэстыцыйны клімат і рэйтынг Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG