Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BYPOL даведаўся, як напаўняецца міліцэйская база пратэстоўцаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ініцыятыва былых сілавікоў BYPOL заявіла, што атрымала зьвесткі пра тое, як напаўняецца міліцэйская база на пратэстоўцаў.

Паводле BYPOL, ва ўсіх РУУС і РАУС ёсьць працоўныя месцы для ўводу інфармацыі ў базу «БЕСпарадкі». Як правіла, базу вядуць у аддзяленьні інфармацыйнага забесьпячэньня. Зьвесткі ў базу дадаюць днём і ноччу.

Для прыкладу, у РУУС Савецкага раёну Менску, сьцьвярджае BYPOL, ёсьць 4 такія працоўныя месцы. За няпоўныя два тыдні з 13 да 25 кастрычніка ў гэтым РУУС унесьлі ў базу 60 чалавек. У нядзелі, калі праходзілі маршы пратэсту, папаўняць базу дапамагалі дадатковыя два супрацоўнікі з інфармацыйнага цэнтру МУС.

21 сьнежня пра існаваньне базы ўдзельнікаў несанкцыянаваных акцый паведаміў на канале «Беларусь-1» начальнік управы аховы правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандар Купчэня. Ён расказаў, што такое рашэньне ў МУС прынялі «пасьля падзеяў 9 жніўня». У базу заносяць ня толькі затрыманых, але і ідэнтыфікаваных асобаў. Першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Юры Назаранка назваў гэта «вялізным штуршком, можна скажаць рыўком».

15 студзеня BYPOL апублікаваў запіс, зь якога вынікала, што людзей, якія трапілі ў базу, улады меркавалі зьмясьціць у канцэнтрацыйны лягер.

Фонаскапічная экспэртыза, замоўленая Tut.by, пацьвердзіла, што голас на запісе належыць намесьніку міністра ўнутраных справаў палкоўніку міліцыі Мікалаю Карпянкову.

Ён гаварыў пра пляны стварыць спэцлягер для бестэрміновага адсяленьня асобаў, якія паўторна ўзялі ўдзел у акцыях пратэсту. Гэты лягер плянавалася стварыць на базе папраўчай калёніі № 22 каля Івацэвічаў, так званых «Ваўчыных норах».

«Ствараецца база дадзеных. У гэтай базе дадзеных, хто трапіў другі раз, той мусіў там і застацца. Сказана: распрацаваць, зрабіць лягер, зрабіць лягер ну не для ваеннапалонных і не для інтэрнаваных нават, а лягер для асабліва востракапытных такі.... для адсяленьня. І паставіць калючы дрот па пэрымэтры. Два памяшканьні зрабіць: топка — паверх, кормім — паверх, каб працавалі. Але там іх трымаць, пакуль усё не супакоіцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG