Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BYPOL апублікаваў запіс чалавека, голас якога нагадвае Карпянкова: «Мы створым лягеры для пратэстоўцаў»


Мікалай Карпянкоў у Менску
Мікалай Карпянкоў у Менску

Ініцыятыва былых сілавікоў BYPOL апублікавала гуказапіс выступу чалавека, голас якога нагадвае голас намесьніка міністра ўнутраных справаў палкоўніка міліцыі Мікалая Карпянкова. Раней ён займаў пасаду начальніка ГУБАЗіК МУС.

Як сьцьвярджае BYPOL, у кастрычніку 2020 году на разьвітальнай сустрэчы з асабістым складам ГУБАЗіК Карпянкоў расказаў аб новых відах спэцыяльных сродкаў, якія паступілі на ўзбраеньне і маюць вялікую сілу траўмаваньня, якія павінны прымяняцца супраць грамадзянаў, і пра спосабы іх прымяненьня для наступленьня сьмяротнага зыходу.

«Кіраўніком дзяржавы мы прыкрытыя»

«Прыйшоў час, калі ніводзін супрацоўнік органаў, нават, атрымліваецца, АМАПавец, не павінен выходзіць на масавыя беспарадкі, ня маючы з сабой агнястрэльнай зброі. Таму прыйшоў іншы час».

Ён запэўніў падначаленых, што Аляксандр Лукашэнка асабіста гарантуе беспакаранасьць такога роду дзеяньняў пры выкарыстаньні зброі і спэцсродкаў: «Кіраўніком дзяржавы мы прыкрытыя з усіх бакоў у пляне прымяненьня зброі».

«Лягер для асабліва востракапытных»

Акрамя таго, у запісе чуваць, як асоба, якую BYPOL ідэнтыфікаваў як Карпянкова, расказвае пра пляны стварыць спэцлягер для бестэрміновага адсяленьня асобаў, якія паўторна ўзялі ўдзел у акцыях пратэсту. Гэты лягер плянуецца стварыць на базе папраўчай калёніі № 22 у г. Івацэвічы, так званых «Ваўчыных нор».

«Ствараецца база дадзеных. У гэтай базе дадзеных, хто трапіў другі раз, той павінен там і застацца. Сказана: распрацаваць, зрабіць лягер, зрабіць лягер ну не для ваеннапалонных і не для інтэрнаваных нават, а лягер для асабліва востракапытных такі.... для адсяленьня. І паставіць калючы дрот па пэрымэтры. Два памяшканьні зрабіць: топка — паверх, кормім — паверх, каб працавалі. Але там іх трымаць, пакуль усё не супакоіцца».

Яшчэ адна крыніца BYPOL, не зьвязаная з аўдыёзапісам, пацьвердзіла пляны ў стварэньні лягера для ўдзельнікаў пратэстаў.

«Зразумела, чаго гэты памёр»

Адначасна ў запісе згаданае і забойства Аляксандра Тарайкоўскага. Галоўны герой запісу называе загінулага «дэбілам і п’яніцам»:

"Мы, атрымліваецца, узялі ўчора скрынку кардонную. У чатыры столкі яе склалі, паставілі на крэсла, — узялі і выпрабавалі. Атрымліваецца, кардонная скрынка наскрозь, і крэсла наскрозь, і зразумела, чаго гэты памёр, як яго... [з залы: Тарайкоўскі] ... п’яніца і дэбіл. Ён памёр, вядома, ад гумавай кулі, якая прыляцела яму ў грудзі. Ён стаяў там у майцы, і я думаю, што з адваротнага боку майкі яна не затрымаецца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG