Былая сябра перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі Натальля Рэўт трапіла на паседжаньне 17 лютага, куды не пусьцілі большасьць ахвочых, а пасьля першага суду яна вырашыла не выходзіць з будынку на абед, каб трапіць на працяг працэсу.
Заля даволі вялікая, чуваць ня ўсё
Натальля расказвае, як удалося трапіць у залю.
«Я мяркую, што дзякуючы сваёй мэтанакіраванасьці. З Божай дапамогай усё склалася добра. Яны зрабілі скотчам „межы“, каб людзі ў зале не сядзелі шчыльна, па два чалавекі на лаўцы, — кажа Натальля. — Мы чакалі, што залю запоўняць сябрамі БРСМ, але, відаць, там сядзяць людзі зь іншых установаў. Заля даволі вялікая, але можна было знайсьці і большую. На жаль, ня ўсё чуваць, што кажуць судзьдзя і адвакаты. Ня ведаю, чаму не карыстаюцца гукаўзмацняльнай апаратурай».
Каб увайсьці ў залю, Натальля двойчы прайшла праз рамкі з мэталашукальнікамі — на ўваходзе ў будынак і потым ля самой залі, дзе адбываецца працэс. Тэлефон мусіла пакінуць у спэцыяльнай схованцы з ключыкам для рэчаў.
«Паказваем адзін аднаму «сэрцайкі»
«Бачна, што судзьдзя хвалюецца і нават наблытаў працэдуры, забыўся абвясьціць склад суду. Адвакаты і сам Віктар паводзяць сябе прыгожа, годна, мне вельмі падабаецца. Я ўпэўнена, што Віктар у цудоўным стане, і ягонай моцы можна пазайздросьціць, ён гучыць вельмі ўпэўнена», — кажа Натальля.
На відэа бачна, што Віктар Бабарыка трымаў рукі за сьпінай. Але, паводле Натальлі, гэта не азначае, што ён у кайданках — магчыма, баліць сьпіна.
«Віктар крыху схуднеў, штаны звальваюцца. Але мне падалося, што ўсё добра. Памянялася фрызура, раней быў пастрыжаны коратка і роўна, а тут валасы адрасьлі неяк зьверху, выглядае іначай. Мне падалося, што пасівеў. Складана сказаць, бо бачыла здалёк. Яго пасадзілі ў самую далёкую клетку, зь ім яшчэ двое. Але паказваем адзін аднаму сэрцайкі, я паказала яму «абдымашку».
Клеткі з падсуднымі ахоўваюць міліцыянты.
«Я ня ведаю, чаго яны там стаяць, бо ясна, што чалавек нікуды ня можа ўцячы, яны толькі закрываюць, каб не відаць было. Усё гэта выглядае па-дурному і непрыгожа. Такі чалавек, як Віктар, мог бы пайсьці і дахаты і нікуды б не ўцякаў. Але па гэтай справе ўсё зразумела даўным-даўно. Я спадзяюся на Божы суд, а не на гэты. Што з гэтым судом будзе, усё зразумела. Я лічу, што мы цяпер удзельнічаем у вялікай гульні Бога і кожны зараз мае магчымасьць паказаць, чаго ён варты, а чаго не. А як кажуць мае родныя, Бог не Цімошка, бачыць трошку», — кажа Натальля.
Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць
- Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
- У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
- 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
- Віктар Бабарыка віны не прызнае.
Хроніка перасьледу
- 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
- 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
- Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
- 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
- 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
- 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
- Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
- 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
- Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
- 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
- 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
- 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
- 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
- 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
- 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
- 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
- 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку». Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
- У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.