Журналістам незалежных выданьняў БелаПАН, Tut.by, Naviny, Onliner, «Беларусы і рынак» не далі дазволу прысутнічаць на судзе над Віктарам Бабарыкам у «справе Белгазпрамбанку», паведаміў тэлеграм-канал Эўрарадыё.
Адмову рэдакцыі недзяржаўных выданьняў атрымалі з прычыны нібыта «адсутнасьці месцаў». А дзяржаўныя і расейскія СМІ на працэс дапусьцяць.
Раней улады заяўлялі, што працэс над Бабарыкам і топ-мэнэджарамі «Белгазпрамбанку» будзе празрысты і даступны для ўсіх ахвочых.
Удзельніка прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі Віктара Бабарыку і іншых фігурантаў справы пачнуць судзіць 17 лютага пад юрысдыкцыяй Вярхоўнага суду. Папярэдняе паседжаньне пры падвышаных захадах бясьпекі прайшло 4 лютага ў будынку суду Маскоўскага раёну, без удзелу самога Бабарыкі.
Згодна з інфармацыяй сьледзтва, былы старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка абвінавачваецца ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай і ў легалізацыі даходаў.