Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расказваем пра гурт «Разьбітае сэрца пацана», які арыштавалі падчас канцэрту ў Смалявіцкім раёне


Гурт «Разьбітае сэрца пацана»
Гурт «Разьбітае сэрца пацана»

13 лютага РСП затрымалі ў поўным складзе разам з гледачамі на канцэрце ў Смалявічах. Узгадалі, як утварыўся і разьвіваўся адзін з самых адметных беларускіх гуртоў.

Пачатак. Дзяўчына сапраўды разьбіла сэрца пацану

Два студэнты Ўнівэрсытэту культуры Дзяніс Тарасенка і Саша Маленькі ў канцы 1990-х стварылі «РСП». Назва гурту паўстала з самога жыцьця хлапцоў, якім разьбіла сэрцы дзяўчына. Дзяніс і Саша стварылі ўсяго тры песьні пад баян і бубен. Адну зь песьняў «Ты мне не званіш, не тэлефануеш — рэўнуеш» так і не запісалі студыйна. Пазьней дуэт распаўся.

2005. Зьяўляюцца два салісты: Дзяніс Тарасенка і Павал Гарадніцкі

У 2005 годзе гурт аднавіўся ў складзе Дзяніса Тарасенкі і Паўла Гарадніцкага, які грае на сынтэзатары, а далей — на флейце. Хлопцы ладзілі канцэрты «Даеш трохразовае пітаніе ў студзенчаскія масы» проста ў сталовай унівэрсытэту. Пазьней далучаюцца бас-гітарыст Эндру Восіпчык, бубнач Юры Сізоў.

2008. «Розавы закат»

Гэта назва дэбютнага і дагэтуль самага вядомага альбома гурту.Песьні зь яго сталі сапраўднымі гітамі і дагэтуль «разрываюць» танцпляцоўкі на канцэртах РСП.

«Немудрагелістыя рыфмоўкі „пацаноў“ запамінаюцца зь першага разу і назаўжды. Дагэтуль помніцца адзін зь першых іх гітоў, які так і ня быў запісаны — „Ты мне не званіш, не тэлефануеш — рэўнуууеш“.

Пры ўсім гэтым гурт не пайшоў на наўмысную прымітывізацыю сваёй музыкі, як тое часта бывае з „трасянкавымі“ выканаўцамі, а наадварот, пашырыў стылістычныя межы. Дзёня часам ные, як той Стыў Тэйлар, а Пашка з сваёй флейтаю дае чаду, не раўнуючы як Ян Андэрсан. На „Розавым закаце“ чуем водгукі францускай музыкі 70-х, дыска 80-х і року 90-х. Во яны — сапраўдныя героі беларускага „Камэдзі“! Але для белТВ занадта сьмешна яны жартуюць», — такі водгук на альбом пакінуў музычны журналіст Сяргей Будкін.

У 2008-м у гурт прыходзіць новы бубнач Аляксандар Кавалёў, і ў такім складзе музыкі граюць і па сёньняшні дзень.

Эпоха «Свабоднага тэатру»

У гэты ж час Дзяніс Тарасенка і Павал Гарадніцкі граюць у Беларускім Свабодным тэатры. Таксама акторы разам здымаліся ў фільме «Жыве Беларусь».

Працяглы час разам з РСП выступаў эксцэнтрычны дзявочы дуэт ЭВМ, у які ўваходзяць дзьве акторкі Свабоднага — Марына Якубовіч (Юрэвіч) і Юлія Шаўчук. Цяпер гэтае супрацоўніцтва спынілася.

Пазьней Дзяніс сыдзе са Свабоднага, але працягне здымацца ў кіно і граць у РСП. Павал Гарадніцкі застаецца адным з асноўных актораў Свабоднага і працуе як тэатральны рэжысэр.

2011. «Кагда я п’яны — я культавы»

У 2011 годзе выходзіць альбом «Не налівай», а за ім, у 2012-м, «Ч/Б». Гурт застаецца стылістычна верны сабе. У «Ч/Б» увайшоў адзін з самых вядомых трэкаў гурту — «Культавы».

Цытату «Кагда я п’яны — я культавы» памятае ці ня кожны менскі хіпстэр, хоць можа і ня ведаць, адкуль яна.

Таксама ў гэтым альбоме пачалі зьяўляцца сацыяльныя і нават палітычныя тэмы. Можна, напрыклад, вылучыць песьню «Вэнэсуэла» пра беларуска-вэнэсуэльскія адносіны.

Урывак зь песьні:

«Па ОНТ и па БТ, па СТВ и Ладзе

Сказалі мне, што мір в дзірме, а мы у шэкаладзе.

И с мыслью той іду дамой, шагаю па бульвару.

Весь мір ў дзірме, а похер мне: я веру в Чэ Гевару».

2018. «Карняплоды любві»

На два наступныя альбомы, «Пасрэдствам срэдств» (2015) і «Карняплоды любві» (2018), музыкі пасьпяхова сабралі сродкі праз краўдфандынг.

У другі ўвайшлі трэкі на клясычныя для РСП тэмы каханьня, простага жыцьця, а таксама недахопу свабоды. Можна асобна вылучыць песьні пра беларускую рэчаіснасьць:

«Па закону», дзе маладая «сімпацічная» судзьдзя выносіць жорсткія прысуды.

«ФСЗН» — прамова беларускага бізнэсмэна, якога «задушваюць» падаткамі.

«Мір беларускай эстрады» — рэгі, у якім музыкі іранізуюць з праўладных артыстаў.

2020–21. Дваровыя канцэрты, кіно на «Бэрлінале».

У 2020-м гурт шмат выступаў разам са Сьвятланай Бень, лідэркай гурту «Серебряная свадьба», а таксама даў шмат дваровых канцэртаў.

За апошнія месяцы музыкі выпусьцілі два пратэставыя трэкі: «Ашчушчэнія» і «Бег».

Фільм беларускага рэжысэра Аляксея Палуяна «Кураж», у якім здымаліся салісты РСП Павал Гарадніцкі і Дзяніс Тарасенка, а таксама акторка Марына Якубовіч, пакажуць сёлета на прэстыжным Бэрлінскім міжнародным кінафэстывалі. Гэты паказ стане прэм’ерай.

Летась РСП споўнілася 15 гадоў, з прычыны пандэміі музыкам давялося праводзіць сьвяточны канцэрт у онлайн-фармаце.

За час існаваньня РСП трансфармаваў сваю творчасьць у больш сацыяльным кірунку, але пры гэтым захаваў унікальны стыль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG