Сумесны экзыт-пол інстытуту PIPOS і тэлеканалу Kosova Klan паказаў, што «Самавызначэньне» атрымлівае 41,8% галасоў, у той час як другая апазыцыйная сіла, Дэмакратычная партыя Косава, толькі 16,5 %, паведаміў «Голас Амэрыкі».
Кіроўная Дэмакратычная ліга Косава, паводле прагнозаў, зойме толькі трэцяе месца з 15,2% галасоў. «Альянс за будучыню Косава», у якім аналітыкі бачылі ўплывовую сілу, набірае 7,2 %.
Перамога «Самавызначэньня» можа ўскладніць і без таго пакуль бясплённыя намаганьні Захаду ўрэгуляваць тэрытарыяльныя спрэчкі ў рэгіёне. Лідэр партыі Альбін Курці, які летась пяць месяцаў быў прэм’ер-міністрам Косава, заручыўся падтрымкай на абяцаньнях барацьбы з карупцыяй і заявах аб недапушчальнасьці кампрамісаў у дыялёгу з Сэрбіяй, якая страціла кантроль над Косава яшчэ ў 1999 годзе.
Сэрбія пры падтрымцы Расеі не прызнае незалежнасьці Косава, спасылаючыся на неабходнасьць абароны сэрбскай меншасьці. Перамоўнікам з Эўразьвязу і ЗША не ўдалося дамагчыся кампрамісу, які дазволіў бы Косава далучыцца да ААН і NATO.
У сытуацыі, калі траціна працаздольнага насельніцтва ня мае працы, а ВУП на душу насельніцтва складае 4300, Косава застаецца найбяднейшай краінай Заходніх Балканаў.