Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М’янма: сотні тысяч чалавек ізноў выйшлі на акцыі пратэсту супраць перавароту


У М'янме 14 лютага
У М'янме 14 лютага

Сотні тысяч чалавек выйшлі на вуліцы М’янмы. Нядзеля стала дзевятым днём пратэстаў супраць нядаўняга перавароту. Тым часам, новыя вайсковыя ўлады спрабуюць стрымаць страйк дзяржаўных служачых, які можа перашкодзіць ім кіраваць краінай, перадае Голас Амэрыкі.

Увечары ў дзелавой сталіцы краіны, Янгоне, упершыню з перавароту 1 лютага была заўважаная бронетэхніка. Амбасада ЗША заклікала амэрыканцаў «схавацца», спаслаўшыся на паведамленьні аб рухах вайскоўцаў.

Паводле паведамленьняў мясцовых СМІ, у некаторых раёнах краіны спыніўся рух цягнікоў, пасьля таго як пэрсанал адмовіўся выйсьці на працу. Тым часам, вайскоўцы накіравалі салдат на электрастанцыі, дзе іх сустрэлі разгневаныя натоўпы.

Кампанія грамадзянскага непадпарадкаваньня ўзьнікла на знак пратэсту супраць перавароту, у выніку якога быў зрынуты грамадзянскі ўрад на чале з Аун Сан Су Чы. Першымі ў кампанію ўключыліся лекары, але цяпер яна закранула цэлы шэраг урадавых ведамстваў.

Хунта загадала дзяржаўным служачым вярнуцца да працы, прыстрашыўшы прыняць супраць іх меры. Вайскоўцы праводзяць начныя масавыя арышты, а ў суботу надзялілі сябе паўнамоцтвамі затрымліваць людзей і абшукваць прыватную ўласнасьць.

Тым ня менш, сотні чыгуначнікаў прынялі ўдзел у дэманстрацыях у Янгоне ў нядзелю, нягледзячы на загады паліцыі, якая запатрабавала вярнуцца да працы.

Салдаты былі накіраваны на электрастанцыі ў паўночнай правінцыі Качына, што прывяло да канфрантацыі з дэманстрантамі, якія вырашылі, што вайскоўцы хочуць адключыць электрычнасьць, каб праводзіць начныя арышты.

З надыходам ночы салдаты ўжылі вадамёты, каб разагнаць дэманстрантаў каля адной электрастанцыі ў адміністрацыйным цэнтры Качына — горадзе Мьічына. Пра гэта сьведчыць прамая трансьляцыя ў Facebook, якую прагледзелі ў Reuters. Трансьляцыя скончылася крыкам аднаго з салдатаў: «Арыштаваць іх усіх!»

Некалькі энэргетычных прадпрыемстваў у Янгоне заявілі ў Facebook, што яны адмовяцца адключаць электрычнасьць, і выказалі падтрымку дэманстрантам.

«Наша абавязак забясьпечваць людзей электрычнасьцю, а не адключаць яе», — заявіў адзін супрацоўнік, які папрасіў аб ананімнасьці.

Атрымаць камэнтары ад ураду і вайскоўцаў не ўдалося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG