10 лютага адвакату Максіму Знаку прад’явілі абвінавачаньні паводле двух новых артыкулаў КК.
У чым цяпер абвінавачваюць Максіма Знака:
- У публічных закліках, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы, артыкул 361 Крымінальнага кодэксу.
- У змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, артыкул 357 КК.
- У стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньні ім, артыкул 361-1 КК.
Інфармацыю пра два новыя артыкулы абвінавачаньня апублікаваў адвакат Максіма Знака Дзьмітры Лаеўскі. Жонка Максіма, Надзея Знак, таксама зьяўляецца ягонай абаронцай. Яна расказала Свабодзе, што Максім быў гатовы да новых абвінавачаньняў.
«Гэтая навіна чакалася, зразумела, — гаворыць Надзея. — Неўзабаве настане 9 сакавіка, калі канчаецца шасьцімесячны пэрыяд, максымальны для арышту паводле першага артыкулу Максіма. І былі наступныя варыянты — альбо справа пойдзе да суду, альбо яе прыпыняць і скасуюць. Альбо трэнд захаваецца ранейшым: новае, больш цяжкае абвінавачаньне, больш працяглы тэрмін арышту. Бачым, што такое рашэньне і было прынятае ў дачыненьні да Максіма. Будзем далей глядзець. Для нас нічога не зьмянілася. Будзем абскарджваць гэтую пастанову, будзем наведваць Максіма, перадаваць яму навіны і падтрымліваць».
Надзея па-ранейшаму ходзіць у СІЗА на вуліцы Валадарскага кожны дзень. Адвакатка кажа, што Максім Знак паставіўся да новых артыкулаў з гумарам.
«Таму што інакш гэта нельга ўспрымаць, — гаворыць Надзея Знак. — Ніякіх падставаў для гэтых артыкулаў няма ўвогуле. Я не люблю гэты выраз, але ён усё часьцей і часьцей гучыць: „Вы ж усё разумееце“. Дыялёгу, на жаль, не атрымліваецца. Не атрымліваецца нейкіх разумных крокаў. А шкада. Бо папраўдзе ёсьць магчымасьці для размоваў, для таго, каб у грамадзтве былі зьмены. Але гэтага хтосьці ня хоча бачыць, заплюшчвае вочы».
Па словах Надзеі Знак, Максіма трымаюць у прымальных умовах, скардзіцца няма на што. Ён не хварэе, мае бадзёры настрой, атрымлівае шмат лістоў.
«Падчас сустрэчаў абмяркоўваем справу, навіны абмяркоўваем, — расказвае Надзея. — Максім расказвае, як у яго там жыцьцё. Стараецца не сумаваць, нейкія вясёлыя гісторыі расказвае, жарты. У іх побыт там адрозьніваецца ад таго, які ў людзей на волі. Напрыклад, посуд выдаюць толькі каб можна было паесьці, у адпаведны час. Пры гэтым ён вельмі гарачы, гарбату немагчыма піць. А пераліць няма куды, посуд жа забаронены. Таму прыдумваюць штосьці, абкручваюць анучамі кубкі і так п’юць».
Па словах жонкі, лісты Максім атрымлівае рэгулярна, па некалькі дзясяткаў на дзень. Таму часу вольнага ў яго ня так шмат. Калі атрымліваецца, то Максім чытае кнігі, нешта піша сам.
«Багата пішуць яму, — гаворыць Надзея Знак. — У сераду атрымаў 29, у чацьвер 22 лісты. У аўторак каля 40. Сам Максім напісаў ужо больш за 2000 лістоў, прыкладна столькі ж атрымаў. Гэта толькі тыя лісты, якія прарваліся. Максім кожнаму адказвае. Адказвае асабліва. Ня проста „Вітаю, у мяне ўсё добра, да пабачэньня“. Стараецца асабіста кожнаму штосьці напісаць, нейкія цытаты з кніг людзям пераказаць».