Старшыня Камітэту дзяржбясьпекі Іван Тэртэль заявіў, што летам і ўвосень беларускім уладам удалося спыніць няўдалую спробу мяцяжу і зьмены канстытуцыйнага ладу.
«Беларусь выстаяла ва ўмовах рэалізацыі самага жорсткага сцэнару. Але яшчэ ня час расслабляцца. На тэрыторыі шэрагу замежных дзяржаў сфармаваныя структуры, дзе канцэнтруюцца розныя авантурысты, прайдзісьветы і здраднікі. Гэтыя цэнтры працуюць найперш у Вільні і Варшаве.
Асобныя са змагароў пераступаюць чырвоныя лініі, зьвяртаючыся да тэрору. Як прыклад — дзейнасьць групаў Аўтуховіча і Аліневіча. Былі абсталяваныя схованкі са зброяй, зьнішчалася маёмасьць сілавікоў. Масавых ахвяраў удалося пазьбегнуць толькі дзякуючы спыненьню іх дзейнасьці».
Паводле Тэртэля, сілавыя структуры маюць усе рэсурсы, каб стварыць бясьпечныя ўмовы для жыцьця і працы грамадзянаў.
«Хацеў бы папярэдзіць, што мы будзем дзейнічаць жорстка. Нагадаю, што нашы бацькі і дзяды знаходзілі здраднікаў, саўдзельнікаў фашыстаў празь дзесяцігодзьдзі, дзе б яны ні знаходзіліся, і мы ад гэтай лініі ніколі не адступім», — заявіў старшыня КДБ.