Паводле Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі цяпер запрацавала «эфэктыўная дыялёгавая пляцоўка». Гэта тычыцца і абмеркаваньня канстытуцыйнай рэформы.
Ён заявіў, што ў яго на стале ляжаць два праекты Асноўнага Закону, але галоўнае цяпер — «не паламаць краіну пасьпешлівымі рашэньнямі».
«Цягам гэтага году трэці варыянт праекту Канстытуцыі будзе гатовы і на пачатку 2022-га вынесены на рэфэрэндум. Прыняўшы новы Асноўны Закон, нам давядзецца перарабіць шмат якія іншыя законы, зьмяніць заканадаўства — цягам ужо наступнага году.
І тады пытаньне — калі ён (Лукашэнка) сыдзе — вырашыцца. Пры тым, што 60% апытаных катэгарычна заявілі, што яны супраць зьменаў... Вы ж разумееце, які сцэнар нам быў падрыхтаваны? Каб хтосьці з пратэстуноў дарваўся да ўлады, ужо праз суткі тут былі б замежныя войскі. Таму ёсьць неабходнасьць распрацаваць новы праект Канстытуцыі і прыняць яе на рэфэрэндуме».
«Беларусь павінна заставацца прэзыдэнцкай»
«Краіна павінна заставацца прэзыдэнцкай рэспублікай, — перакананы Лукашэнка. — Нават без Лукашэнкі, які б я ні быў гераічны. Яны ўжо грукаюцца ў дзьверы. Увесь сыр-бор у асобе. Але ў мяне, акрамя Беларусі, нічога няма, ня верце нікому, што нешта скраў. І мяне немагчыма запалохаць, нават калі бегаў з аўтаматам па вуліцы. Гэта многіх ацьвярозіла. Я сваю краіну нікому не аддам», — падсумаваў Лукашэнка.
Па яго словах, ніякіх новых выбараў пры «раскладзе Ціханоўскай» не было б у прынцыпе: яе «муж-мардаварот» у выпадку перавароту кіраваў бы краінай, а яна смажыла б катлеты.
«Але сам народ іх растаптаў бы, бо не прымае такую палітыку, — працягнуў ён. — Так я сказаў у СІЗА і Віктару Бабарыку, калі туды езьдзіў. Прабачце, калі зрынаць, то чакайце рэакцыі ў адказ. Я будаваў краіну як мог, і аддаваць яе некаму на зьнявагу — ніколі. Іншая справа, што мы жывём у пераходны пэрыяд, і хто прыйдзе ва ўладу ад новага пакаленьня — вось у чым пытаньне», — не хаваў Лукашэнка эмоцыі.
«Мір, парадак, ніякіх пратэставых дзеяньняў»
Аляксандар Лукашэнка агучыў свае ўмовы «пратэстунам і заблудам», назваў умовы сыходу з улады:
«Мір, парадак, ніякіх пратэставых дзеяньняў, не пераварочваць краіну».
Па яго словах, «калі да ўлады дарвуцца ня тыя і зь іншымі поглядамі», то каб ня ўпаў ніводзін волас з прыхільнікаў цяперашняга кіраўніка дзяржавы.
Таму, словамі Лукашэнкі, ён і прапанаваў зрабіць Усебеларускі народны сход «канстытуцыйным органам». Калі такая ўгода будзе парушаная – уся ўлада пяройдзе менавіта да дэлегатаў як упаўнаважаных ад імя народу.