— Маё першае пытаньне будзе пра тое, хто падказаў вам ідэю вылучыць пратэстоўцаў у Беларусі на Нобэлеўскую прэмію міру. На сайце вашага інстытуту я прачытаў, што гэтае вылучэньне абапіраецца «як на ўнутранае апытаньне, так і на прапановы зацікаўленых грамадзян». Ці можаце пашырыць гэтую фармулёўку?
— Так. Флямандзкі інстытут міру — гэта дасьледчы інстытут у Бэльгіі, і дырэктары інстытутаў міру па ўсім сьвеце могуць прапаноўваць намінантаў для Нобэлеўскага камітэту міру. Як дырэктар нашага інстытуту я вырашыў спытацца ў людзей, як у парлямэнце, так і ў нашым грамадзтве, каго б яны запрапанавалі. Мы атрымалі некалькі прапановаў, уключна з той, якая называла пратэстоўцаў у Беларусі.
Прааналізаваўшы гэтыя прапановы, я вырашыў намінаваць пратэстоўцаў у Беларусі, таму што я лічу гэта вельмі добрым выбарам. Яны — сапраўдны сымбаль пратэсту супраць аўтарытарызму і несправядлівых выбараў для людзей ва ўсім сьвеце. Мы сапраўды хацелі дазнацца думку людзей, і мы вельмі задаволеныя прапановай, якую атрымалі ад іх датычна Беларусі.
— Ваша намінацыя даволі своеасаблівая, калі можна так сказаць. Вы вылучылі пратэстоўцаў у Беларусі. У мінулым Нобэлеўская прэмія міру прысуджалася канкрэтным асобам або арганізацыям. Дапусьцім, Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт прыслухаецца да вашай прапановы і прысудзіць прэмію пратэстоўцам у Беларусі. Хто канкрэтна павінен зьявіцца ў Осла, каб атрымаць прэмію? І хто павінен вырашаць, што рабіць зь фінансавай часткай прэміі?
— Так, я ўсьведамляю, што мы зрабілі крыху неартадаксальны выбар, але ён быў прадуманы. Мы не хацелі намінаваць нейкую адну апазыцыйную партыю або, напрыклад, нейкага аднаго кандыдата, або аднаго канкрэтнага журналіста ці адну канкрэтную арганізацыю. На нашу думку, прэмія міру насамрэч павінна быць прысуджаная людзям, якія пратэставалі, якія выходзілі на вуліцы тыдзень за тыднем у вельмі цяжкіх умовах, якія цярпелі жорсткі перасьлед і катаваньні. Так што мы мэтанакіравана намінавалі людзей.
Я ўсьведамляю, што тут могуць узьнікнуць пэўныя практычныя пытаньні, якія трэба вырашыць — хто паедзе на цырымонію ўручэньня і хто атрымае грошы? — але я думаю, што тут таксама можна знайсьці вырашэньне. Для нас было важна намінаваць людзей агулам, пратэстоўцаў, якія выходзілі на вуліцы дзень за днём.
— Я разумею ваш пункт гледжаньня. Вы ведаеце, што тры сьмелыя жанчыны, якія агітавалі супраць Аляксандра Лукашэнкі ў прэзыдэнцкай кампаніі, таксама былі вылучаныя на Нобэлеўскую прэмію міру — Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава і Вераніка Цапкала. Хто, на ваш погляд, лепшы кандыдат на прэмію — гэтыя жанчыны ці беларускія пратэстоўцы наагул?
— Мы зрабілі сваю намінацыю незалежна, ня ведаючы, зразумела, хто яшчэ будзе намінаваны. Мы спынілі свой выбар на людзях, а не на апазыцыйных кандыдатах ці журналістах. Шмат людзей сталі ахвярамі таго, што адбываецца, і вельмі цяжка выбраць некага аднаго як лепшага кандыдата за іншых.
Для нас выбар быў ясны — мы хацелі намінаваць усіх пратэстоўцаў, усіх, хто хоча дасягнуць агульнай мэты — лепшай прэзыдэнцкай сыстэмы ў вашай краіне, лепшай сыстэмы, якая будзе паважаць асноўныя правы чалавека і дэмакратыю. Для нас гэты быў выбар хутчэй на карысьць шырокага народнага руху, чым на карысьць нейкіх асобаў.
— Мяркую, вы сачылі за асьвятленьнем беларускіх пратэстаў у сродках масавай інфармацыі. Што вы можаце сказаць пра іх характар? Ці адрозьніваліся гэтыя пратэсты і рэакцыя ўраду Беларусі на іх ад пратэстаў, якія адбываюцца ў Заходняй Эўропе?
— Мы сачылі за асьвятленьнем гэтых пратэстаў. Мы глядзелі гэта заўсёды з болем у сэрцы, калі бачылі той жорсткі перасьлед, як у людзей стралялі, як іх катавалі за тое, што яны выказвалі сваю думку. Нам было цяжка глядзець тыя кадры.
У нас у Бэльгіі вельмі добрая мясцовая сыстэма публічнага вяшчаньня, якая прысьвячае шмат часу таму, што адбываецца за мяжой, пытаньням замежнай палітыкі. Нам пашанцавала бачыць тыя карціны, але я баюся, што ня ўсе ў Эўропе ўбачылі іх да такой ступені, як мы. Калі вы іх пабачылі, дык вы зразумелі, што насамрэч адбываецца. І гэта была адна з прычынаў, чаму мы намінавалі пратэстоўцаў у Беларусі.
Таму што мы ведаем: калі хочам дасягнуць зьменаў, патрэбны таксама міжнародны ціск. А каб быў міжнародны ціск, патрэбная міжнародная ўвага. Я думаю, якраз гэтага патрабуюць пратэстоўцы: пастаяннага асьвятленьня ў мэдыя таго, што адбываецца. Бо тут ёсьць рызыка: калі зьнікне ўвага міжнароднага вяшчаньня, зьнікне і міжнародны ціск на сыстэму беларускай улады. Нашай намінацыяй мы насамрэч хацелі дапамагчы ў падаўжэньні гэтага ціску на Лукашэнку і ягоны рэжым.
— Я хацеў цяпер запытаць пра асьвятленьне беларускіх пратэстаў канкрэтна ў Бэльгіі і канкрэтна ў вашай частцы краіны — Фляндрыі, але вы ўжо часткова адказалі на яго, адказваючы на папярэдняе пытаньне. Калі я добра вас зразумеў — у Бэльгіі асьвятленьне беларускіх пратэстаў было ў нечым лепшае, чым у іншых эўрапейскіх краінах?
— Так, праўдападобна таму, што наша сыстэма вяшчаньня традыцыйна прысьвячае вельмі шмат увагі падзеям у іншых частках сьвету, і яшчэ таму, што ў нас было некалькі журналістаў, якія асьвятлялі шматмесячныя пратэсты ў Беларусі вельмі інтэнсіўна, бо яны спэцыялізуюцца ў гэтым рэгіёне. Нам з гэтым вельмі пашанцавала, таму што мы маглі атрымаць лепшую, чым іншыя, арыентацыю ў тым, што адбываецца.
Я думаю, што гэта таксама добры ўрок для ўсяго сьвету: атрымліваючы больш інфармацыі пра тое, што адбываецца ў іншых частках сьвету, мы можам таксама даведацца больш пра сябе саміх.
Тое, што мы бачым у Беларусі, не абмежаванае выключна гэтай краінай — гэткую рызыку мы бачым паўсюль у сьвеце. Гэтыя праблемы могуць узьнікнуць і ў тых, хто недастаткова асьцярожны і не бароніць дэмакратыю. Такія наступствы могуць быць, напрыклад, і ў некаторых краінах Эўразьвязу.
Так што мы ўсе павінны быць вельмі-вельмі пільныя. На маю думку, добрае асьвятленьне таго, што адбываецца навокал, — ключавое для зразуменьня гэтага.
— Маё апошняе пытаньне — пра тое, чым займаецца ваш інстытут як дасьледчая ўстанова? І, у прыватнасьці, якая ваша ўласная сфэра навуковай зацікаўленасьці?
— Флямандзкі інстытут міру імкнецца дапамагчы Флямандзкаму парлямэнту атрымаць лепшае веданьне розных аспэктаў, датычных міру і прадухіленьня гвалту. Мы правялі шмат дасьледаваньняў ня толькі ў галіне гандлю зброяй і кантрабанды агнястрэльнай зброі, але і адносна пытаньняў, зьвязаных з палярызацыяй і радыкалізацыяй. Як ставіцца да радыкальных меркаваньняў у вашай грамадзкасьці? Як ставіцца да экстрэмізму? Як знайсьці спосабы мірнага вырашэньня канфлікту?
Я думаю, гэта важна, бо ў кожнай дэмакратычнай сыстэме, у кожнай краіне мы маем розных людзей і розныя пункты гледжаньня на рэчы, розныя інтарэсы.
Каб прадухіліць гвалт, які можа вынікнуць з такой розьніцы ў поглядах і інтарэсах, нам трэба быць абачлівымі і вырашаць гэтыя канфлікты, уласьцівыя кожнай грамадзкасьці, мірным чынам. Для нас гэта вялікае і ключавое пытаньне. Гэтае пытаньне ўласьцівае ня толькі Беларусі, але і Эўропе, і ўсяму сьвету. Мы імкнёмся акрэсьліць дынаміку гэтага пытаньня і дапамагчы людзям у палітыцы, як вырашаць яго на практыцы.
Так што гэтая намінацыя пратэстоўцаў у Беларусі добра дапасоўваецца да таго, чым мы займаемся. Таму што іх голас павінен быць пачуты. І яны робяць сваё мірным чынам, і гэта важна. Яны не хапаюцца за зброю, зь іхнага боку няма ніякага гвалту. Яны пратэстуюць мірным чынам, і я мяркую, што гэта якраз важна падкрэсьліць.